«Змушу, падла, ведаць!»

Источник материала:  
08.10.2010 08:50 — Разное
Уладзімір Някляеў пра чыноўнікаў і мову… А блогер Krebsik — пра Някляева: літаратар +100, чалавек +1, палітык -100.

Учора adelka была запрошаная на сустрэчу Някляева з блогерамі. Па нейкіх таемна-рамантычных прычынах яна прыйсьці не змагла і я на правах мужа яе падмяніў. Сядзеў на мяккай канапе паміж класнымі дзяўчынкамі fotaczka і lamma_mamma, еў вінаград і замаўляў суседкам гарбату, па якую бегаў, дарэчы, Сам Начштаба. Утульненька-прыемненька, дзякуй спадару кандыдату. За атмасферу сустрэчы таксама +1.

Пра Паэта я ведаў, пра палітыка здагадваўся, а вось чалавека хацеў убачыць, што за ён. Нішто сабе чалавек, ня дрэнны аказаўся. І па суме ўражанняў безумоўны залік. Але па парадку.

lipkovich галава. З яго пачалося, ім і скончылася. Спачатку па ягонай замове сп. кандыдат прадэкламаваў свой вершык да XXV з’езда КПСС, потым распавядаў чаму з’ехаў у Фінляндыю,

выслухоўваў «ліпучыя» парады, як пытацца ў чынавенства пра іх маёмасць і папярэджваць/прыцягваць да адказнасці за парушэнні закону.

Някляеў здольны прызнаваць памылкі і іранічна да іх ставіцца, запісваем яму плюсік як чалавеку, але адначасова палітычны мінусік за паверхоўную падрыхтоўку да цяжкіх пытанняў. Тлумачу.

Някляеў тлумачыў прычыны ад’езду ў Фінляндыю канфліктам з кіраўніцтвам краіны праз руйнаванне беларускай культуры і мовы… было гэта ў 1999 годзе. На маё адмыслова завостранае пытанне, чаму канфлікт не адбыўся некалькі гадоў да таго, калі Ціцянкоў ірваў на кавалкі б-ч-б, быў праведзены моўны рэферэндум і на маю наўмысна правакатыўную, але несур’ёзную версію (у яго нібыта пачалі адбіраць беларускі культурніцкі хлеб) была рэакцыяй разгубленасць і тое, што ён зарабляў больш з расейскамоўнага «Родника», чым з белкультуры…

Стоп, таварышы палітэхнолагі! Ваш кандыдат павінен не толькі цікава і шматслоўна распавядаць пра тое як было, але й мець кароткія шчыра-чалавечыя адказы на няўтульныя пытанні, чаму.

А такіх «дрэнных» пытанняў шмат, нават калі пытанне з катом не ўздымаем. Толькі, божа ж мой, не падумайце, я не кажу, што чалавек ад нараджэння павінен быць змагаром і грэх партыйных з’ездаў можна змыць толькі крывёю. Ды не! Палітык павінен трымаць удар і трыма словамі тлумачыць, каб народ паняў.

Другая частка: уявіце сабе зусім не фантастычную сітуацыю — кажу я яму — да Вас за мяжой падыходзіць супрацоўнік замежнае выведкі і прапаноўвае супрацоўніцтва.

— А ў мяне такое было, перапыняе ён мяне.

— Бо Вы лідар апазіцыі, і ён будзе Вам дапамагаць змагацца супраць рэжыму…

Някляеў адразу кажа, што ён адмовіў і адмовіў бы зноў, бо… ён рукамі паказвае свой магчымы падвешаны стан і кранальна тлумачыць, што ён згубіў бы сваё сапраўднае месца ў жыцці і не жадае гэтага. Я б казаў тое ж самае і адмовіўся б з такіх жа прычынаў. Але я не палітык, у палітыка павінны быць іншыя прычыны і ён павінен іх артыкуляваць Пішам мінусік палітыку і плюсік чалавеку.

Нешта я распісаўся, цяпер коратка.

Някляеў-палітык нагадвае свой плакат. Прыгожа-гучна, але калі сунуць глыбей бурацінаўскі нос — выходзіць дзірка.

Стэрэатыпныя адлупы ці разгубленасць. Прыклад: у Еўразвяз нас не возьмуць — там 100 тышч старонак патрабаванняў, якіх мы не выканаем. Казаць такое ў краіне, дзе амаль палова насельніцтва «за», па меншай меры, недальнабачна. І… няўжо мы горшыя за Румынію, Латвію, Чарнагорыю? Нам не хапае толькі палітычнае волі (якая, на жаль, адсутнічае і ў Някляева), а ў ЕЗ у бліжэйшыя пару гадоў ня хопіць на нас моцы, каб нас прыняць.

Мяне ніколі не цікавіць, адкуль грошы, колькі, колькі скрадуць, а колькі пойдзе ў справу… Мяне цікавіць, як яны працуюць і ўва што ператвараюцца. Дык вось,

я не заўважыў нічога прынцыпова новага ў параўнанні з 2001 і з 2006 гг., што магло б прывесці да перамогі, пра якую вельмі паліттэхналагічна кажа Начштаба і навучаны кандыдат.

Ёсць крэатыў, ёсць якасная друкаваная прадукцыя, ёсць больш-менш моцная хутка збудаваная структура, але гэта было і раней. Няма якасна новых падыходаў. Ёсць добрыя напрамкі і думкі па назіранні-падліку, метафізічнай «Плошчы», буду рады калі яны нечакана выбухнуць, буду рады памыляцца.

Я дам подпіс за Някляева, але не стану ў пікет і не прагаласую за яго. Вельмі проста. Інтэграцыя з Расеяй.

Не дакладныя цытаты, а так, паводле: «Мы адзін без аднаго не зможам выбірацца, нам наканавана разам…эканамічныя… сувязі…». У каго з нас няма знаёмых забулдыжных геапалітыкаў, якія за бутэлечкай будуць распавядаць як кітайцы праглынуць Далёкі Ўсход, Расея засімілюе Беларусь-Украіну, а арабы распачнуць Трэцюю сусветную і захопяць увесь сьвет? Узровень аргументаў той жа — забулдыжны, што наводзіць на думкі, прабачце, пра замову палітычнага накірунку.

Апошняе: таямніца. Някляеў хораша кажа пра мінулае — заслухаешся, літаратура — фантастычна цікава, па справе, са слязінкай пра Радзіму. Пачынае пра палітыку — стэрэатыпы, і некуды знікае душа. Нашто яно яму здалося — харошаму чалавеку і вялікаму паэту?

Падзяліцца навіной: 
krebsik.livejournal.com

←Сёння

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика