Ой сівы конь бяжыць

Источник материала:  
10.08.2010 11:15 — Разное

«Раніцай па вуліцы Горкага ў Гродне бегаў белы конь. Жывёліна была вельмі напалоханая і хаатычна перамяшчалася па праезнай частцы». З газет

Ну, вось і ўсё, прыехалі. Або прыскакалі. Якія яшчэ доказы патрэбныя, якія знакі, каб усе пераканаліся, што надыходзіць усеагульны кірдык-то бок сканчэнне свету, апакаліпсіс?

Памятаеце — «конь белы»? Гэта адтуль, з Яна Багаслова. Праўда, наш конь быў з цырка і бегаў на волі ў Гродне нядоўга. Але перад тым — матылькі, мільёны, матылькоў апанавалі Віцебск. Гэта ўжо як у фільме жахаў. Хічкок з яго «Птушкамі» адпачывае.

А тут яшчэ гэтае загадкавае падзенне верталёта з нямецкім пілотам… Якое сёлета паводле ліку «лётнае здарэнне» на тэрыторыі Беларусі?

Ды й да гэтага знакаў хапала — каб столькі часу над Масквой стаяў антыцыклон (адчуваеце — анты-цыклон?), які стаўся прычынай нечуванай спёкі не толькі ў Падмаскоўі, але ж і ў Беларусі, і ва Украіне. А тут побач, у Польшчы, іншых краінах Еўропы зноў паводка, гінуць людзі. А ў Пакістане ахвярамі паводкі сталі амаль паўтары тысячы чалавек. А перад тым — катастрофы на шахтах у Расіі і Кітаі, гібель дзясяткаў фанаў «тэхна» на фестывалі Любові ў Дуйсбургу. А яшчэ раней — сапраўды апакаліптычная гібель польскай дэлегацыі з 96 чалавек на чале з прэзідэнтам Качынскім пад Смаленскам…

Згодны, усё разам узятае нічога не даводзіць. Калі толькі не шукаць і не чакаць тых знакаў, якія засведчаць, што набліжаюцца апошнія хвіліны існавання чалавецтва. (Ці не шукаць «зорку Давіда» ў выявах сняжынак).

У ідэале вернік павінен быць гатовы паўстаць перад Богам у кожную хвіліну, а не шукаць доказаў яго існавання… Але тое ў ідэале. Мы жывем на зямлі, і нішто чалавечае для нас не чужое. У тым ліку чаканне цуду. Мы згодныя і на цуд у абліччы катастрофы, калі нам не прапаноўваюць нічога лепшага.

Між тым, ядзерны апакаліпсіс адбыўся ў рэальнасці — 65 гадоў таму. І нічога, чалавецтва не знікла, не правалілася ў тартар. І ЗША, і Японія квітнеюць. І амерыканксі пасол (упершыню за ўвесь пасляваенны час) нават узяў удзел у жалобнай цырымоніі ў Хірасіме.

А фільмы пра Хірасіму і Нагасакі ўжо не палохаюць сучаснага гледача так, як палохалі яны маё пакаленне ў дзяцінстве ў 60-я, 70-я гады.

І Чарнобыль — не прароцтва пра Зорку Палын, але цалкам рэальная катастрофа, выкліканая «чалавечым фактарам». І ўсяго праз чвэрць стагоддзя тая катастрофа ўжо амаль нішто — нейкая фікцыя, пра якую гавораць навукоўцы, балбоча апазіцыя ў Беларусі, але выразных слядоў якой нібыта не бачна. Гэтаксама як радыяцыі.

І Асвенцым для некага ўжо не жахлівае злачынства супраць чалавечнасці, але месца, дзе можна здабыць які-небудзь артэфакт для калекцыі, каб зарабіць.

Сапраўдны апакаліпсіс, які адбыўся з намі, людзьмі, ужо не аднойчы, нас не цікавіць. Бо нас не цікавіць увогуле, што адбываецца з іншымі, калі толькі гэта не нашы сваякі, альбо нас не звязваюць нейкія партыйныя або дзелавыя сувязі.

Смерць, пакуты і боль, якіх так шмат навокал, — гэта не для нас, гэта сумна і нецікава. Нас можа ўразіць — на хвіліну — колькасць загінулых, але не смерць чалавека як такая.

Нас і жыццё нашае не асабліва цікавіць, бо яно не залежыць ад нас і нашых уласных высілкаў. Бо ад усведамлення гэтай ісціны робіцца вельмі сумна. Нас цікавіць — што з намі будзе. Гэта значыць — хто скіне цяперашні рэжым, хто прыйдзе на змену цяперашняму кіраўніку, хто за гэтым стаіць (сусветная закуліса, Крэмль, Варшава ці Брусэль), хто і колькі каму заплаціць альбо ўжо заплаціў. Толькі нас саміх няма ў гэтым працэсе.

У адной з апошніх перадач «Тыдзень у аб’ектыве» на Белсаце гаворка йшла на традыцыйную тэму — узаемадачыненняў Беларусі і Расіі. І запрошаны ў перадачу вядомы журналіст як пра нешта само самой зразумелае, відавочнае і нават прадвызначанае казаў пра тое, што Расія хутка «даб’е» Беларусь эканамічна і што пад пагрозай апынулася не толькі цяперашняя ўлада, але і наша дзяржаўная незалежнасць. На пытанне вядоўцы — а што ж рабіць, каб гэтага не адбылося, адказу не прагучала. Бо слова «рабіць» тычыцца сферы дзеяння, а яно само па сабе пярэчыць катастрафізму як філасофіі.

Вось ужо дваццаць гадоў — а можа, апошнія сто дваццаць? — мы назіраем за тым, што адбываецца ў нашай краіне, але не жывем у ёй.

Перыядычна мы з цікаўнасцю назіраем за тым, што называецца «прэзідэнцкімі выбарамі», хоць упэўненыя (бо нас даўно ў тым пераканалі самі прэтэндэнты): ніякіх выбараў не было, няма і ніколі не будзе.

Вось прыйдуць злыя дзядзькі з-за рэчкі (з-за той ці з-за гэтай), навядуць тут парадак, і тады мы падумаем, што будзем рабіць.

Сёння мы выліваем свае злосць і фрустрацыю на патэнцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзідэнта (sic!) у ананімных інтэрнэт-каментарах і ў блогах ці артыкулах. Але чамусьці ніколі не злуем на саміх сябе.

Як казаў горкаўскі персанаж з п’есы «На дне» (цытую паводле сэнсу): «Стварыце мне ўмовы, і тады я, можа быць, буду працаваць!» Зрабіце нам «каляровую рэвалюцыю»! (А лепей — як у Кыргызстане). Хто і што павінен зрабіць, з якой нагоды і дзеля чаго — гэта няважна. Зрабіце, а мы паглядзім і, можа быць, падтрымаем рэвалюцыю ў сваіх каментах. А хутчэй за ўсё, наплюем на яе і яе дзеячаў, на інтэлігенцыю, на ўсіх, хто хоць нешта спрабуе цяпер рабіць, ці тварыць, ці проста жыць, як плявалі заўсёды раней. Пляванне ў іншых — наша нацыянальная забава.

У словах «чаканне катастрофы» ключавое слова — не «катастрофа». Ключавое слова — «чаканне». Мы ўсё яшчэ ў чаканні — моцнай апазіцыі, годных лідэраў і кандыдатаў у прэзідэнты, лепшага жыцця, вольнай Беларусі.

Можа быць, сапраўды неверагодна гарачае і цяжкое лета дапаможа нешта змяніць у нашых мазгах. Але паверыць у гэта, думаю, — значыць паверыць у міраж. А можа, гэта сапраўды сімвал — той белы конь, што бадзяўся па вуліцах, але быў злоўлены.

Падзяліцца навіной: 
Віталь Тарас

←Пад дрэвамі падчас ліўняў і шквальнага ветру лепш не паркавацца!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика