Пад дрэвамі падчас ліўняў і шквальнага ветру лепш не паркавацца!
Пра гэта папрасілі папярэдзіць кіроўцаў у Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі.
— Паркавацца лепш як мага далей ад вялікіх, асабліва старых, дрэў, — адзначыў начальнік службы прафілактыкі і прапаганды бяспекі дарожнага руху спецыяльнага падраздзялення ДПС «Страла» МУС Яўген ЛАПЕЦ, — бо падчас моцнага ветру дрэва можа паваліцца на вашу аўтамашыну.Акрамя таго, у складаных дарожных умовах ДАІ рэкамендуе ўключаць блізкае святло фараў, а падчас прыпынку — аварыйную светлавую сігналізацыю. Так іншым удзельнікам дарожнага руху будзе лягчэй прыкмеціць ваш аўтамабіль.
На аўторак сіноптыкі прагназуюць навальніцы і шквальны вецер. У такіх умовах значна пагаршаецца бачнасць. Пыл і хімічныя злучэнні з першымі кроплямі дажджу ператвараюцца ў масленую плёнку, якая значна зніжае счапленне колаў з асфальтам і павялічвае тармазны шлях. Таму, апынуўшыся ў паласе дажджу, неабходна адразу ж знізіць хуткасць і ўтрымацца ад рэзкіх манеўраў і тармажэння.
Акрамя таго, нагадалі ў аддзеле агітацыі і прапаганды ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, да 12 жніўня ўключна ў Мінску аб’яўлена барацьба з няправільнай паркоўкай грузавікоў. Пры выяўленні парушэнняў правілаў стаянкі кіроўцаў велікагрузных аўтамабіляў чакае штраф, а іх кіраўнікам, службовым асобам, будуць выдавацца прадпісанні.
Звязда