Лён, тытунь і журавіны цікавяць генетычных інжынераў
Праца над стварэннем новых раслінаў ўвядзеннем генаў пачалася ў 80‑ых гадах, больш актыўна пачалася выкарыстоўвацца ў 90‑ых. У якасці матэрыялаў для генных доследаў ужываюць кукурузу, сою, рапс — найбольш распаўсюджаныя раслінныя культуры.
На сённяшні момант генная інжынерыя шырока развіта ў ЗША, Бразіліі, Канадзе. Еўропа доўгі час супраціўлялася новаўвядзенням. Аднак зараз паўсюль культывуецца добрае ўспрыняцце трансгенных раслінаў.У 1999 годзе толькі 10% апытаных станоўча ставіліся да мадыфікаваных прадуктаў. У 2005 годзе гэты адсотак пераваліў за палову. Успрыманне змяняецца і ў кіроўных колах — на дзяржаўным узроўні шырока выкарыстоўваецца генная інжынерыя ў Іспаніі, Італіі, Даніі. У гэтых краінах у невялікіх аб’ёмах вырошчваюць генетычнамадыфікаваныя расліны.
У сучасным беларускім заканадаўстве прапісаны шлях генетычназмененых прадуктаў ад лабараторыі да шырокага выкарыстання ў харчаванні. Вырошчванне мадыфікаваных прадуктаў для ежы патрабуе доўгіх праверак, выпрабаванняў, у тым ліку ў палявых умовах, а неабходнага палігону ў Беларусі пакуль няма. Навукоўцы спадзяюцца займець яго ў наступным годзе. Таму асноўны накірунак развіцця геннай інжынерыі — навуковыя даследаванні, без выкарыстання ў гаспадарцы.
«У Беларусі, як і на палёх былога СССР, трансгенных сартоў няма, але актыўна вядзецца вывучэнне,» —паведаміў Картэль Мікалай Аляксандравіч — акадэмік НАН Беларусі, загадчык лабараторыяй малекулярнай генетыкі Каардынацыйнага цэнтру біябяспекі пры Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі.
Беларускія доследы праходзяць у межах праграмаў Нацыянальнай акадэміі навук. Найбольш прасунуты накірунак нашых даследаванняў прадстаўлены ў інстытуце бульбаводства: нашыя навукоўцы вынайшлі сорт бульбы, устойлівы да хваробаў і вірусаў. У цэнтральным батанічным садзе займаюцца распрацоўкаю трансгенных журавінаў, якія мусяць быць больш салодкімі за натуральныя. У Жодзіна створана некалькі трансгенных козаў, якія ўжо даюць малако. Распрацаваная генетычная форма ільну, больш устойлівая да гербецыдаў і грыбных хваробаў.
Многія выпрабаванні ажыццяўляюцца на прыкладзе тытуню — ён хутка расце і зручны для вывучэння. Нікацінавы змест беларускіх навукоўцаў не хвалюе. Ужо створаныя расліны тытуню, якія змяшчаюць больш бялку, маюць большую масу і раней спеюць. Плануецца напрацоўкі перанесці на рапс.Як паведаміў кіраўнік Каардынацыйнага цэнтру біябяспекі пры Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі Сяргей Драмашка, цэнтр бяспекі ўяўляе арганізацыю, якая сочыць, каб распрацоўкі навукоўцаў адпавядалі беларускаму заканадаўству і міжнародным стандартам на ўсім шляху з лабараторыі да спажыўца.
Цэнтр біябяспекі займаецца дэтэкцыяй мадыфікаваных арганізмаў у харчовай вытворчасці. У Беларусі кожны прадукт, які змяшчае ў сабе генетычна мадыфікаваныя рэчывы, мусіць мець адмысловую пазнаку. У асноўным правяраюць прадукты з соі ды кукурузы.
На беларускіх таварах не адзначаецца колькасны адсотак генетычна мадыфікаваных рэчываў. «Якасныя аналізы рабіць таней. Калі людзей мадыфікаваныя расліны непакояць, іх хвалюе факт наяўнасці ў прадуктах такіх рэчываў, а не адсотак,» — патлумачыў Сяргей Драмашка.
Баяцца генетычна мадыфікаваных раслінаў няма чаго — запэўніваюць навукоўцы.
Што тычыцца прадуктаў, якія трапляюць у Беларусь — усё знаходзіцца пад дзяржаўным кантролем, наяўнасць мадыфікаваных кампанентаў пазначаецца для спажыўца спецыяльнай маркіроўкаю.
Юльян Місюкевіч