Заробкі малыя, бо клопат пра народ вялікі

Источник материала:  
31.07.2010 18:08 — Разное
Перад выбарамі ідзе ў ход звыклы папулісцкі інструментарый. Нават адставанне ад еўрапейскіх заробкаў афіцыйны кіраўнік тлумачыць… клопатам пра народ.

«Калі народ хоча атрымліваць паўтары-дзве тысячы долараў заробку, давайце дамо, але за паслугі будзеце плаціць рэальную цану, — заявіў Лукашэнка 31 жніўня на Нарачы. — Мы можам зрабіць, як ў Еўропе, але тады будзеце, як і у іх, плаціць поўны кошт».

Натуральна, такія заявы робяцца з жалезным разлікам на тое, што просты люд жахнецца і будзе маліць: бацька родны, толькі ж не аддавай на згубу бязлітаснаму капіталізму!

Беларусы сапраўды вялікія патэрналісты. Гэта бачна няўзброеным вокам і пацвярджаецца сацыялогіяй. Лепей казённая сініца ў руцэ, чым ліберальна-рынкавы жораў у небе.

І ў гэтым каласальная праблема для апазіцыйных кандыдатаў. Лозунгі рэформаў, рынкавых пераўтварэнняў не грэюць, а хутчэй натапырваюць паспаліты люд. Спаборнічаць жа з дзейным кіраўніком на папулісцкім полі — тым болей глухі нумар.

Натуральна, дасведчаны адмысловец разаб’е яго рыторыку ў пух як двойчы два. Акурат у Еўропе страхавая медыцына, напрыклад, дазваляе атрымліваць якасныя паслугі практычна ўсім слаям.

Дый ўвогуле —

за чый кошт фармуецца той бясплатны сацпакет, якім казырае Лукашэнка? У дзяржавы няма іншых грошай акрамя тых, што яна забірае ў нас ці недаплачвае нам. На тых сацпакетах сядзіць плойма чыноўнікаў-пераразмеркавальнікаў, да чыіх рук прыліпае ладная доля дабротаў.

Так што сапраўды лепей даць людзям па дзве тысячы ды скараціць палову апарату. Але ж менавіта пагроза ўсеўладдзю вертыкалі і тармозіць трансфармацыю пераразмеркавальнай беларускай мадэлі.

Адно паказальна: апраўдваць яе ўсё цяжэй. І

еўрапейскі чыннік міжволі ўлазіць у парадак дня Лукашэнкі. Некалі было: я народ за цывілізаваным светам не павяду! Сёння: я вам хоць заўтра зраблю тут Еўропу, але ж вы самі не гатовыя!

Паўзучая еўрапеізацыя масавай свядомасці чым далей, тым болей будзе падціскаць уладу.

Падзяліцца навіной: 
Аляксандр Класкоўскі

←Лукашенко: хороший отдых — это как дорогой автомобиль

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика