У Бернардынскім касцёле ў Гродне адкрытая памятная табліца да гадавіны Грунвальдскай перамогі. Шыльду спансаравалі мясцовыя палякі.
Тэкст на ёй — па-польску:
«Na pamietkie zwyciestwa wojsk polsko-litewskich nad Zakonem Krzyzackim w polach Grunwaldu», — чытаем на табліцы.
У справе ёсць дзве прыкрасці.
Першае — гэта мова. Права фундатара — выбіраць мову табліцы. Але адну мову. Другая ў Беларусі мусіць быць беларускай.
Па-другое, пара перастаць ігнараваць беларусаў. Можна доўга разважаць, што «літоўскі» — гэта прыналежны да ВКЛ увогуле. І тым самым працягваць савецкую шавіністычную традыцыю, якая скарысталася з разыходжання гістарычных назваў з сучаснымі, каб сцвярджаць, што беларусы не мелі ўласнай гісторыі да 1917 года. Ergo, трэба пісаць, каб было зразумела ў нашы часы: перамога польска-беларуска-літоўскіх войскаў.
Прыкра, што такія памылкі дапускаюць дзеячы незалежнага Саюза палякаў.