Адпачывайце з павагай да прыроды

Источник материала:  
22.07.2010 — Разное
Адпачывайце з павагай да прыроды

На беразе вадаёму ў Асіпавічах у сераду. Аўто са сталічнымі нумарамі, прыезджыя з Маладзечна і наваколля - звычайная карцінка гэтых спякотных дзён.

Летняй спёкай, на якую надвор’е ўсё яшчэ шчодрае, вельмі прыемна праводзіць вольны час каля вадаёма. Аб тым, як адпачыць і не нашкодзіць прыродзе, расказвае дзяржаўны інспектар Вілейскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Міхаіл Батураў.

Прыязджаючы на адпачынак, людзі рэдка задумваюцца пра бяспеку навакольнага асяроддзя. Між тым, мы карыстаемся прыроднымі рэсурсамі, якія не невычарпальныя і адразу не адновяцца.

На беразе сажалкі ў Асіпавічах у мінулую сераду:

У прыватнасці, нельга ставіць аўтатранспарт бліжэй, чым за 30 метраў ад вады. З машын сцякае аліва, якая трапляе ў глебу і пасля дажджу апынаецца ў возеры ці рацэ. Аліва небяспечная для здароўя чалавека, а водарасці і рыбы ад яе гінуць.

“Што ўжо казаць пра аматараў пакупаць сваё аўто ў рацэ ці возеры! – расказвае Міхаіл Батураў. – Усе  небяспечныя рэчывы адразу ж трапляюць у ваду. А гэты бруд пагражае жыццю мясцовых прадстаўнікоў флоры і фаўны. А для наступных наведнікаў вадаёма ныранне можа стаць пуцёўкай у бальніцу”.

Таму за мыццё транспартных і іншых тэхнічных сродкаў прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць. Калі падчас прыродаахоўных рэйдаў інспектары заўважаць парушэнні рэжыму карыстання вадаёма, то спачатку растлумачаць адпачывальнікам, што канкрэтна яны робяць няправільна.

Аднак бываюць выпадкі, калі прыходзіцца прымаць больш сур’ёзныя меры. Гэта здараецца, калі чалавек, напрыклад, адмаўляецца пераставіць машыну.

Беларускі Водны кодэкс прадугледжвае за засмечванне тэрыторыі вадаёма штраф памерам ад чатырох базавых велічынь.

Інспектары выязджаюць на прыродаахоўныя рэйды кожны дзень. І амаль заўсёды заўважаюць парушэнні. Часцей гэта звязана з блізкай ад вадаёма паркоўкай аўтамабіля. Многія проста не ведаюць закон, таму звычайна дастаткова  аб ім паведаміць.

“Мы працуем і ў Вілейскім, і ў Маладзечанскім раёнах, – распавядае дзяржаўны інспектар. – Але, правёўшы аналіз парушэнняў за бягучае паўгоддзе, заўважылі, што на Вілейшчыне іх больш. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што наша вадасховішча карыстаецца вялікай папулярнасцю не толькі сярод мясцовых жыхароў.

Напрыклад, гэтым летам затрымалі двух мінчан. Яны лавілі рыбу на транспартным сродку, матор якога працаваў на бензіне. А Вілейскае вадасховішча забяспечвае вадой Мінск. Выходзіць, яны самі сабе шкодзілі. За гэта і атрымалі штраф памерам у чатыры базавыя велічыні. На сённяшні дзень гэта 140 тысяч рублёў”.

Забаронена каля вадаёмаў і тэхнічнае абслугоўванне машын, выпас сельскагаспадарчай жывёлы, і, безумоўна, засмечванне тэрыторыі.

“Мы праводзім рэйды, але і самі жыхары нам тэлефануюць і паведамляюць аб парушэннях, звязаных з браканьерствам. Звычайна нам гавораць, што на вадзе за апошнія гады стала больш парадку. Аднак заўсёды будуць тыя, хто ідзе на рызыку”.

Ахвотныя паўдзельнічаць у ахове жывёльнага і расліннага свету у выпадку выяўлення парушэнняў на вадаёмах могуць звяртацца па нумары гарачай лініі інспекцыі 8-0177135226.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Міколы ГАЙДУКА.

←Зона повышенного комфорта откроется на железнодорожном вокзале Минска

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика