Апраўданне тутэйшасці

Источник материала:  
15.07.2010 10:54 — Разное

Апраўданне тутэйшасці
Тацяна Дубавец

Супрацоўніца літоўскага тэлебачання, аўтарка перадачаў для беларусаў Літвы «Віленскі сшытак», вілянчучка Тацяна Дубавец зняла фільм «Тут, пад самаю Вільняю, або З жыцця тутэйшых».

У кадры — жыхары беларуска-літоўскага памежжа, якія — гэтак ужо павярнулася — жывуць па той бок мяжы. Пераскокваючы часам на крэсавую пальшчызну, часам — на прыстойную беларускую і ніколі — на літоўскую, падвіленскія тутэйшыя нязмушана апавядаюць пра сябе і тое, хто яны такія.

Сімпатычны дамарослы дзядзька-паэт, якія піша злабадзёнкі на мяшанцы беларускай, польскай і расійскай, бойкія бабулькі, якія з гумарам каментуюць сваю беларускую польскасць, і дзяды, якія даюць дасціпныя каментары, сочачы па тэлевізіі за візітам Пуціна ў іх «Польску».

Па словах Тацяны Дубавец, яна старалася зрабіць нейтральны фільм, аднак атрымаўся твор з ясным мэсіджам: «тутэйшы — не заўсёды кепска, і пасля куламесы і безупыннай змены ўладаў у ХХ ст. варта пакінуць таго тутэйшага ў спакоі». Інтэрв’ю з аўтаркай фільма.

«Наша Ніва»: У фільме гучыць выдатная фраза, прамоўленая вяскоўцам Мар"янам Адамойцем вёскі Чуранцы Салечніцкага раёна «Так, мы, вядома беларусы, але пазапісаныя палякамі». Можа, і праўда лепей ужо пакінуць беларусаў Віленшчыны ў спакоі?

Тацяна Дубавец: Але хто вырашае, пакінуць, не пакінуць?.. Літва лічыць іх літоўцамі па факце іхнага літоўскага грамадзянства. Палякам, па вялікім рахунку, гэтыя людзі патрэбныя адно ў часе выбараў. А Беларусь пра іх папросту неведае, таму й не бярэ пад увагу ў любых сваіх раскладах: палітычных, эканамічных ці культурных. Іх і так пакінулі ў спакоі, дзякуй Богу. Таму і стала магчымым гэтае самавызначэнне: беларусы, хоць і запісаныя палякамі.

«НН»: Што ўсё ж прымушае жыхароў Віленшчыны прызнацца, што яны беларусы? На Беласточчыне ў беларускую тоеснасць свой унёсак зрабіла праваслаўная рэлігія, а што гуртуе беларусаў Віленшчыны?

ТД: Беларусаў Віленшчыны нішто не гуртуе. Тут няма школы па-беларуску, установаў культуры па-беларуску, царквы па-беларуску. А беларусамі яны сябе называюць якраз таму, што іх «пакінулі ў спакоі», а значыць, яны атрымалі права і жаданне да самавызначэння. Ніхто ім не тыцкае: “ты паляк” ці “ты літовец”. І чалавек разважае: я нейкі, можа, няправільны паляк, бо палякі з Польшчы, як прыязджалі, дык не разумелі, што я кажу... Не літовец — дык пэўна ж, не літовец, хоць і пашпарт літоўскі маю: па-літоўску не размаўляю, не пішу, не чытаю. Я тут жыву, то хай буду «тутэйшы». Мова мая найбольш да беларускай падобная. То, як спытаюць, магу сказаць, што беларус. А магу нічога не казаць. А найлепш, каб не пыталіся.

«НН»: Ва ўрочышчы Свіраны, на радзіме Багушэвіча, усталявалі помнік «беларускаму дудару». З гэтай нагоды ў тамтэйшых жыхароў настрой такі, маўляў, прыехалі з Вільні, усталявалі помнік і паехалі сабе, а нам тут заставацца. Як варта весці і ці варта ўвогуле весці беларускую працу ў краі, які належыць Літоўскай Рэспубліцы, а людзі маюць поцяг да паляччыны і запісваюцца палякамі?

ТД: Так, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Віленскага краю, якім кіраваў Юры Гіль, зрабіла шмат: усталявалі памятную дошку на адной з хатаў, размешчанай найбольш блізка да таго месца, дзе колісь быў двор Багушэвічаў, скульптуру Мадонны, гранітную памятную табліцу з датай хрышчэння Францішка Багушэвіча ў касцёле суседняй вёскі Рукойні. У блізкай да Свіранаў вёсцы Савічуны цэнтральная вуліца названая імем Багушэвіча, а ў бібліятэцы ёсць цэлы беларускі аддзел… Праўда, гэтага аказалася зусім недастаткова, каб пераканаць тутэйшых людзей у тым, што яны да ўсяго гэтага маюць непасрэднае дачыненне. Так і ўспрымаюцца і помнік, і шыльда, і вуліца як прыкметы віленскага беларускага культурнага жыцця. Калі б мясцовы, тутэйшы чалавек, сам «адкрыў» Багушэвіча для сваіх — магчыма, стаўленне было б зусім інакшае, а так — нехта прыехаў, прывёз, паставіў, назваў... А ці трэба весці беларускую працу — вядома, трэба. Інакш адкуль тут з’явіцца той мясцовы патрыёт-краязнаўца, які абвесціць тутэйшым, што і Багушэвіч — тутэйшы?

«НН»: Цяпер у Беларусі беларусамі замежжа заняліся на дзяржаўным узроўні: у 2011 хочуць правесці фэст беларусаў замежжа, на поўныя застаўкі распрацоўваецца закон, які будзе рэгуляваць адносіны паміж метраполіяй і беларускай дыяспарай, у службовых колах пагаворваюць пра стварэнне беларускіх культурных цэнтраў за мяжой. Як беларускай дзяржаве варта паводзіцца з жыхарамі Віленшчыны? Якія, на Вашу думку, канкрэтныя захады варта зрабіць беларускай дзяржаве ў гэтай справе?

ТД: Беларускай дзяржаве варта паводзіць сябе з «тутэйшымі» карэктна. Не тыцкаць: вы беларусы!.. Ім ужо хто толькі не тыцкаў, яны стаміліся ад дабрадзеяў, якія імкнуцца накінуць ім адзіна правільную нацыянальнасць. Іх па-ранейшаму варта «пакінуць у спакоі». І — выяўляць клопат, ведаючы патрэбы. Ёсць патрэба ў беларускай школе, дык паклапаціцеся, каб у Віленскім краі яна была і нармальна функцыянавала; хочуць тут вучыць беларускія песні — забяспечце стаўку кіраўніка спеўнага гурта; кажуць тутэйшыя, што варта праводзіць багушэвічаўскія чытанні — будзь ласкавая, беларуская дзяржава, падтрымай, паўдзельнічай. Словам, насамперш трэба даведацца пра патрэбы тутэйшых, а яшчэ раней — даведацца, што тутэйшыя ўвогуле ёсць.

«НН»: Фільм «Тут, пад самаю Вільняю, або З жыцця тутэйшых» зняты год таму, але грамада ў Беларусі яго дагэтуль не пабачыла. Ці зацікавіліся фільмам дзяржаўныя беларускія тэлеканалы або «Белсат»?

ТД: Фільм здымаўся, не ведаючы, што ён фільм. І паводзіцца ён не як фільм, а як прыватная справа прыватнага чалавека, які нешта захацеў зрабіць і зрабіў. Прыватны чалавек не ўмее дачыняцца з тэлеканаламі, таму фільм быў паказаны не грамадзе, а тым людзям, якім цікавае беларуска-літоўскае памежжа і тутэйшасць як з’ява: у Гародні, у Вільні, цяпер у Мінску. Калі б якісьці з тэлеканалаў захацеў паказаць падвіленскіх тутэйшых у сваім эфіры, было б нядрэнна. Мой кантакны мэйл: natatnik@gmail.com.

Падзяліцца навіной: 
гутарыў Павал Касцюкевіч

←Архітэктар-рэстаўратар Уладзімір Папруга: Нічога не разбураючы, дабівацца гармоніі

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика