З батальёна беларускiх арлянят
Юныя героi разам з дарослымi вызвалялi родную зямлю ад чумы XX стагоддзя
На франтах Вялiкай Айчыннай вайны i ў партызанскiх атрадах разам з дарослымi змагалiся падлеткi. Яны былi салдатамi, разведчыкамi, сувязiстамi, ад’ютантамi армейскiх i партызанскiх камандзiраў. Подзвiг юных герояў вырашылi ўвекавечыць, i 35 гадоў таму, у год 30-й гадавiны Вялiкай Перамогi, быў створаны батальён беларускiх арлянят.
У гэты батальён былi залiчаны былыя мае землякi, юныя краснапальчане Лёша Жакаў, Мiша Маскалёў, Сеня Iцкоў, Сеня Пiсьман, Лёня Кузняцоў, Сярожа Герашчанка, Коля Рыжыкаў.
Калi пачалася вайна, трынаццацiгадовы Сярожа Герашчанка жыў разам з сястрой: бацькоў сваiх ён не памятаў. Летам 1942 года ён пачаў збiраць зброю i перадаваць яе ў партызанскi атрад Сцефаненкi. Загадам камандзiра хлопца залiчылi ў асобы атрад, якi ўдзельнiчаў у разгроме палiцэйскага гарнiзона ў вёсцы Пiльня. Сяргею даручалi розныя заданнi. Ён разведваў, якi груз вазiлi нямецкiя аўтамашыны па бальшаку Краснаполле—Чэрыкаў, разам з разведчыкамi перакрываў дарогу з боку Чэрыкава, удзельнiчаў у баi са штабам карнай дывiзii, якую кiнулi на барацьбу з народнымi мсцiўцамi.
Лёня Кузняцоў да партызан далучыўся разам з бацькамi. Энергiчны хлопец, ён часта хадзiў у разведку, удзельнiчаў у баях з фашыстамi.
Сеня Iцкоў уваходзiў у спiсы асабовага складу партызанскага атрада “Уперад”. Лiчыўся радавым партызанам з 2 жнiўня 1942-га па 25 кастрычнiка 1943 года. Ён нават захапiў у палон палiцая, за што атрымаў медаль “За баявыя заслугi”.
Сеня Пiсьман у ноч на 1 лютага 1944 года выконваў баявое заданне: трэба было ўзарваць цягнiк. Хлопец заклаў узрыўчатку, але бiкфордаў шнур не загарэўся. I Сеня стаў ва ўвесь рост з супрацьтанкавай гранатай i пайшоў насустрач цягнiку. Гранату кiнуў на чыгуначныя шпалы, дзе ляжаў боекамплект. Юны герой загiнуў. Яму споўнiлася толькi 16 гадоў…
Мiша Маскалёў быў сынам палка. Акупанты расстралялi яго бацьку за сувязь з партызанамi, закатавалi мацi. Дванаццацiгадовы хлапчук застаўся сiратой. Мiшу пашанцавала: камандзiр адной з вайсковых часцей вырашыў усынавiць яго. Неўзабаве падлетак стаў выдатным разведчыкам. Аднойчы, калi падраздзяленне трапiла ў акружэнне, камандзiр даручыў яму прабрацца скрозь варожае кольца з важным данясеннем. За выкананне гэтага задання на грудзях у Мiшы заззяў ордэн Славы III ступенi.