Каралі футболу
Не буду казаць, што ў гады маёй маладосці сонца ззяла ярчэй, трава была зеляней (чым на стадыёнах у ПАР — дык дакладна) і футбол быў лепш. Але мне шчыра шкада тых, хто ніколі не бачыў гульні Пеле, Бобі Чарльтана, Круіфа.
Ці зборнай Бразіліі сярэдзіны мінулага стагоддзя. Яна магла выйграваць — і выйгравала! — і без Пеле. Няма патрэбы пералічваць іншых зорак бразільскага футбола, імёны якіх нічога не скажуць большасці сённяшніх заўзятараў. Круіф не стаў чэмпіёнам свету, але яго гульня ў зборнай Галандыі была бездакорнай і заўсёды захапляльнай.
Немагчыма ўявіць, каб нехта з тых футбалістаў, паказваючы бліскучую гульню кожны ў сваім клубе, на ўзроўні нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце свету праваліўся.
Сёлета мы бачылі ў ПАР Раналду, Месі, Руні. І гэта супер‑зоркі сучаснага футбола. Адзін толькі Робен, здаецца, спраўдзіў заўзятарскія чаканні. Ну, і, зразумела, Іньеста.Чамусьці падумалася, што постмадэрнізм, у эпоху якога мы жывем, праяўляецца не толькі ў філасофіі, літаратуры, мастацтве, але і ў футболе (хоць гэта таксама свайго роду мастацтва). Як сцвярджаў Дэрыда, няма ісціны — ёсць толькі меркаванні, і ўсе яны аднолькава каштоўныя. (Зразумела, найбольш каштоўным кожны лічыць сваё.)
Якая розніца — стала зборная тваёй краіны, за якую ты выступаеш, чэмпіёнам свету альбо прызёрам, ці даводзіцца пакаваць валізкі пасля першага кола спаборніцтва. Усё адно заўтра ўсе раз’едуцца па сваіх клубах, дзе зарабляюць значна больш, чым у зборнай. Страта рэпутацыі, страта твару ў вачах заўзятараў ніяк не адаб’ецца на суперкантрактах, заключаных клубамі з суперзоркамі, ці на сумах будучых іх трансфераў. Чэмпіянат свету адбываецца раз на чатыры гады і хутка мінае. А шоу павінна працягвацца.
І ўсё ж. У фінальнай чацвёрцы Уругвай заняў апошняе месца, але яго каманда ўратавала гонар лацінаамерыканскага футбола. Не таму, што ўругвайцы паказвалі такую ўжо прыгожую гульню. Але яны гулялі ў годны футбол. Як, дарэчы, і немцы.
Дыега Фарлан сваім адухоўленым абліччам ідальга нагадвае героя даўно забытых дзён. Ён мог бы ў экранізацыі «Трох мушкецёраў» выконваць ролю Атоса. Так некалі Плаціні чымсьці нагадваў сваёй манерай гульні д’Артаньяна.Дарэчы, наконт гістарычных аналогій… Здаецца, упершыню ў фінале футбольнага першынства змагаліся дзве манархіі. Іспанія, услед за Англіяй, стала другім каралеўствам, якое заваявала самы ганаровы ў футболе трафей. (Дарэчы, фінальны матч 1966 Англія — ФРГ таксама скончыўся ў асноўны час унічыю — 1:1. А ў дадатковы час, дзякуючы савецкаму лінейнаму арбітру Тофіку Бахрамаву, на карысць Англіі быў памылкова залічаны мяч, які не перасек лінію варот спаборніка).
Ці наступіць эпоха іспанскага футбола, як некалі была эпоха іспанскага ўладарства (супраць якога паўсталі некалі Нідэрланды)? Інакш кажучы, як доўга іспанцы будуць дыктаваць футбольную моду? Успомнім лёс зборнай Францыі. Ёсць і яшчэ адзін момант.
Карлас Пуёль, якога, пасля таго, як ён забіў мяч у паўфінале, пажадала асабіста прывітаць у раздзявальні жонка караля Іспаніі Сафія, — каталонец. Разам з Ін’естам яны граюць у каталонскім клубе «Барселона». Каталонія ж апошнім часам ўсё больш упэўнена рухаецца да аддзялення ад Іспаніі. Ну, а пакуль што ў іспанскім каралеўстве фіеста.Іх спаборнікі ў фінале сталі срэбранымі прызёрамі ў трэці раз. Але для галандцаў гэта вельмі слабае суцяшэнне.
Віталь Тарас