Зянон Пазняк: «Мытны звяз — магільная яма»
Зянон Пазняк |
Так званы «мытны зьвяз» Беларусі, Расеі і Казахстана, — гэта «магільная яма», эканамічная пастка, падрыхтаваная гэбоўскай Расеяй для задушэньня Беларусі, бо
эканамічнай патрэбы ў гэтакім зьвязе няма.Аднак лягічным стваральнікам пасткі ёсьць сама ўлада ў Беларусі, якая адмовілася ад нацыянальных інтарэсаў і, ламаючы законы ды права, загнала амаль увесь гандаль краіны ў Расею, а эканоміку прывязала да расейскага спажыўца. Гэта злачынства, якое зрабіла цэлую нацыю закладнікам імпэрскай Масквы, і тая стала шантажаваць Беларусь, цынічна патрабуючы забраць нашу тэрыторыю і эканоміку — без вайны, — маніпулюючы залежнасьцю ад расейскіх энэргарэсурсаў (пуцінскае патрабаваньне далучыць шэсьць вобласьцяў Беларусі да Расеі; 2002-2003 гг.).
Але нават пасьля гэтага (пры маўчаньні грамадзтва) афіцыйны Менск працягваў гуляцца з Расеяй у «інтэграцыю» і «двухбаковыя адносіны», ня робячы ніякіх высноваў.
Высновы зрабіў Крэмль. Замест «мытнага саюзу двух» (заключанага паміж Расеяй і Лукашэнкам) падрыхтавалі плян «эканамічнай прасторы» і «мытнага саюзу» траіх. З гэтых траіх два суб’екты ёсьць рэсурсныя краіны, эканоміка якіх пабудавана на прадажы энэргарэсурсаў (у асноўным, нафты і газу). Беларусь жа — вытворчая краіна, эканоміка яе сфармаваная на вытворчасьці тавараў, ад прадажы якіх яна купляе энэргарэсурсы.
Для краіны з эканомікай такога тыпу, як у Беларусі, вельмі важным ёсьць замежны рынак і «дыверсіфікацыя» рынку, а таксама дыверсіфікацыя набыцьця энэргарэсурсаў.Эканоміка такога кшталту больш перадавая і мабільная, яна хутчэй разьвіваецца і аднаўляецца, забясьпечвае больш высокі тэхналягічны і спажывецкі ўзровень грамадзтва. (Тут я разглядаю структурны прынцып, але ня тое, як выкарыстоўвае яго антыбеларускі рэжым.)
Усё гэта мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, улічылі яшчэ ў 90-х, плянуючы разьвіцьцё нашай незалежнай дзяржавы.Праз 8-10 гадоў рэформаў і адпаведнага нацыянальнага разьвіцьця на той вытворчай базе, якая была ў 90-м, Беларусь стала б магутным эканамічным драконам у цэнтры Эўропы.
Да такіх жа высноваў у пачатку 90-х гадоў прыйшлі расейскія эканамічныя аналітыкі, згуртаваныя вакол Ягора Гайдара (на той час — прэм’ер-міністра Расеі). Палітычныя і эканамічныя высновы супраць Беларусі (гэтай «небясьпекі для Расеі») былі зробленыя вельмі жорсткія. Паводле расейцаў, дракон не павінен быў зьявіцца. Дзеяньні Масквы ў той час вядомыя. Ня буду іх пераказваць. Зазначу толькі, што менавіта ў рэчышчы гэтай антыбеларускай палітыкі Крамля быў адшуканы і падтрыманы Лукашэнка. Але Крэмль так і не захапіў Беларусь, бо, нечакана для сябе, напароўся на супраціў беларусаў і на паталягічную прагу да аўтарытарнай улады.
Амаль 16 гадоў нашае грамадзтва назірае амбівалентныя пэрформэнсы з Масквой, дзе маскоўская палітыка ў дачыненьні да Беларусі называецца няшчырай, захопніцкай, «імпэрскай» і адначасна працягваецца ўнутраная прамаскоўская палітыка вынішчэньня ўсяго беларускага.
Для нэўтралізацыі амбівалентнага кіраўніка і рэальнага забраньня беларускай эканомікі Масква і заключыла (фактычна) палітычны саюз з Назарбаевым. Цяпер удвух стануць душыць аднаго, дзе беларусы будуць зноў назіраць спэктакль у якасьці закладнікаў (пакуль іх усіх не здадуць у маскоўскае рабства).
Па прыродзе сваёй эканомікі Беларусь у прынцыпе ня можа ўдзельнічаць у такім «мытным саюзе». Гэта магіла, падрыхтаваная спэцыяльна для яе Расеяй, каб фармальна абгрунтаваць і апраўдаць свае агрэсіўныя дзеяньні. Дакладней, гэта ёсьць эканамічная агрэсія ў прыдуманай форме, дзеля разбурэньня эканомікі суседняй дзяржавы.
Перш за ўсё, гэта выяўляецца ў тым, што дзьве краіны, экспарцёры нафты, устанаўліваюць высокія пошліны на нафту трэцяй краіне «мытнага зьвязу» — Беларусі, якая зьяўляецца спажыўцом нафты. Гэтыя пошліны двух нафтавых манапалістаў непад’ёмныя цяпер для эканомікі Беларусі. Калі ж Беларусь ня ўступіць у мытную магілу, яна захавае пэрспэктывы сваёй эканомікі і суверэнітэт, але тады «мытны зьвяз» увядзе высокія пошліны на ўсе тавары, якія Беларусь пастаўляе ў Расею (паўтараю, да якой Лукашэнка прывязаў нашу краіну). Гэта будзе зроблена адразу і стане сьмяртэльным ударам па беларускай эканоміцы.
З боку Масквы — гэта разбой, грубае парушэньне пункту 3-га Мэмарандума аб гарантыях бясьпекі для Беларусі у замен за адмаўленьне нашай краіны ад ядзернай зброі.Нагадаю, Мэмарандум падпісаны Беларусяй, ЗША, Вялікабрытаніяй і Расеяй 5-6 сьнежня 1994 года ў Будапэшце на 52-м Саміце канфэрэнцыі АБСЭ. Пункт 3-ці напісаны так: «ЗША, РФ і Злучанае Каралеўства пацьвярджаюць іхнія абавязацельствы да Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьці з Прынцыпамі Заключнага Акту АБСЭ не прыбягаць да эканамічнага ціску з мэтай падпарадкаваць сваім інтарэсам выкарыстаньне Рэспублікай Беларусь яе правоў, неад’емных ад яе суверэнітэту, а таксама не забясьпечваць сабе перавагі якога-кольвічы кшталту».
Прытым, згодна Мэмарандуму, краіны-падпісанты ўзялі на сябе абавязацельствы быць гарантамі бясьпекі незалежнасьці Беларусі. Пункт 6-ы запісаны гэтак: «ЗША, РФ і Злучанае Каралеўства будуць праводзіць кансультацыі ў выпадку, калі ўзьнікне сытуацыя, якая паставіць пытаньні адносна гэтых абавязацельстваў».
Сытуацыя якраз узьнікла. Масква ўжо ня раз груба парушала прынятыя пагадненьні. Зноў настае час, каб нашая беларуская грамадзкасьць і палітыкі зьвярнуліся да краінаў-падпісантаў аб агрэсіўных эканамічных дзеяньнях Расеі супраць Беларусі і аб разглядзе гэтых дзеяньняў на канфэрэнцыі АБСЭ.
Зараз да рэальнага вырашэньня пытаньня з уладай важна прыпыніць чарговую маскоўскую эканамічную агрэсію супраць Беларусі.
У інтарэсах беларускай нацыі і дзяржавы трэба, каб Беларусь не ўступіла ў крамлёўскі «мытны зьвяз».На жаль, ганебны стан нашага грамадзтва ў тым, што ўсё лёсавызначальнае залежыць ад адной асобы. Яе прысутнасьць у беларускай палітыцы стала фатальна небясьпечнай для беларускай нацыі.
Каб супроцьдзейнічаць эканамічнай агрэсіі Расеі, беларусам патрэбная нармальная беларуская ўлада, якая стане грунтавацца на інтарэсах беларускай нацыі і дзяржавы. Неабходны хуткі разварот да свайго народа, трэба даць яму рэформы, правы, спрыяльныя законы, свабоду эканамічнай і працоўнай дзейнасьці. Сіла ў нас самых, у нашым грамадзтве.
Неабходна хутка прыступаць да дыверсіфікацыі паставак энэргарэсурсаў. Тут ёсьць магчымасьці.
Трэба вызваліць навуку, аднавіць у навуцы разбуранае тупым рэжымам (які фінансаваў пабудову «пэрпэтуум мобіле»), памятаючы, што навука (асабліва фундамэнтальная) ёсьць цяпер галоўная вытворчая сіла.
Трэба хутка і разумна вырашыць пытаньне з уласнасьцю і выкарыстаньнем зямлі, аднавіць сялянства, даючы людзям уласнасьць, свабоду працы і гандлю, магчымасьць і права вольна карыстацца з вынікаў працы.
Страчана шмат за гэты час, але ня страчана галоўнае — незалежнасьць, дзяржава і людзі. Мы яшчэ ўсё можам паправіць і адрадзіць, была б толькі на гэта наша воля.
Naviny.by