Чаму мы пачынаем кампанію «Наша армія»?
Многія абмежаванні не прадыктаваныя неабходнасцю падтрымання баяздольнасці і дысцыпліны. Войска, безумоўна, выпрабаванне. Але малады чалавек мае права на адпачынак, кантактаванне з блізкімі, годны заробак, службу ў нармальных гігіенічных і бытавых умовах, абарону ад пазастатутных узаемаадносінаў.
Ці гавораць пра вайсковыя праблемы? Не. Пра войска альбо добра, альбо нічога. Але праблемы ёсць. Урачыстае рапартаванне найвышэйшых афіцэраў пра паспяховыя рэформы адбываецца ў найлепшых традыцыях войска савецкага. І ў гэты час салдаты служаць без гарачай вады, у халодных казармах, без неабходных лекаў і медычнага абслугоўвання, са старой небяспечнай зброяй і тэхнікай, з заробкам у 8 даляраў. І галоўная праблема, што засталася ў спадчыну ад савецкай арміі — дзедаўшчына, на жаль, застаецца актуальнай для арміі беларускай. Напрыклад, толькі ў маёй частцы 15 чалавек асуджаныя на розныя тэрміны зняволення менавіта за «дзедаўшчыну», збіццё і здзек з прызыўнікоў. Такія прысуды — рэгулярныя. І варта разумець, што і ў мірны час у Беларусі забіваюць салдат.
Чаму менавіта цяпер?Войска практычна нікога не хвалюе. Кепскія і ненармальныя ўмовы службы ўспрымаюцца як непазбежнасць. Дваццаць тысяч салдат штогод адпраўляецца служыць, і гэта адбываецца дзесьці па‑за грамадствам. Пра войска амаль не пішуць і яго не абмяркоўваюць. А па вяртанні з войска былыя жаўнеры адно толькі раяць «туды не ісці».
Тым не менш, змены магчымыя. Я адзін здолеў дамагчыся ў межах адной часткі ўсталявання таксафона, якаснага кантролю за прыгатаваннем ежы, зменаў у сістэме нарадаў па сталоўцы, унясення будынкаў казармаў і лазні ў спіс аб’ектаў, што падлягаюць рамонту, перагляду рашэнняў пра скарачэнне адпачынку. Калі не баяцца старых стэрэатыпаў пра выпрабаванні, якімі апраўдваюць часам абуральныя з’явы ў вайсковых асяродках, то можна разумна палепшыць умовы службы і паспяхова засвойваць баявую спецыяльнасць.
Актывісты нашай кампаніі служылі і служаць у войску і вынеслі са службы досвед, уяўленні пра неабходныя рэформы і спіс канкрэтных дасягненняў. Грунтуючыся на гэтым, мы пачынаем гэтую кампанію менавіта цяпер. Хоць неабходнасць існуе даволі даўно.
Ці карэктна займацца праблемамі войска?Перадусім мэта кампаніі — не крытыка войска і яго баяздольнасці, не супрацьпастаўленне нацыянальнай абарончай сістэмы замежным, не схіленне на бок таго ці іншага ваеннага блоку. Мы гаворым толькі пра грамадскую частку Узброеных сілаў; парушэнні існага заканадаўства ў дачыненні да салдат, невыкананне зацверджаных нормаў, неабходнасць адкрытасці часткі інфармацыі, датычнай, напрыклад, пазастатутных узаемаадносінаў, умоваў і абмежаванняў для маладых людзей, якія не прадыктаваныя неабходнасцю выконваць баявыя задачы і ніяк не закранаюць пытанні тактыкі і стратэгіі развіцця абарончай сістэмы.
Што мы прапануем?Маючы магчымасць акамуляваць досвед службы нашых актывістаў, мы лічым неабходным распачаць адмысловую кампанію. Не выступаць супраць войска, не выступаць у якасці экспертаў, не маючы патрэбных ведаў, не патрабаваць невыканальнага, гаворачы толькі пра прафесійнае войска. Мы хочам выпрацаваць рэкамендацыі ўладам з пункту гледжання звычайных салдат, правесці маніторынгі і параўнальныя аналізы службы ў Беларусі і суседніх краінах, займацца прававой абаронай вайскоўцаў і прыцягнуць да ўдзелу ў дыскусіі былых, будучых і сённяшніх службоўцаў.
Асноўныя прапановы кампаніі «Наша армія» — скарачэнне службы, павелічэнне адпачынку, падвышэнне заробку, ільготы пры паступленні пасля тэрміновай службы, магчымасць атрымліваць завочную адукацыю і ўдзельнічаць ва ўступнай кампаніі.
Цягам наступных месяцаў мы паспрабуем прадэманстраваць падтрымку нашых прапановаў грамадствам і будзем спадзявацца на разуменне з боку Міністэрства абароны.