У найбліжэйшы час у небе над Беларуссю можна будзе назіраць камету

Источник материала:  
17.06.2010 10:51 — Разное
З 20‑х чыслаў чэрвеня прыблізна да 10 ліпеня ў небе над Беларуссю няўзброеным вокам можна будзе назіраць камету Макнота.

Як паведаміў дырэктар абсерваторыі БДУ Альгерд Кузнечык, камета Макнота названа ў гонар астранома, які адкрыў яе. Гэтае нябеснае цела вельмі вялікае: галава па памеры перавышае дыяметр Юпітэра. У сярэдзіне чэрвеня камета наблізілася да Зямлі на самую блізкую адлегласць, якая складае прыкладна 170 млн. кіламетраў.

Пры спрыяльных умовах назірання і выкарыстанні бінокля камета выглядае туманнай плямай з двума хвастамі, адзін з якіх зялёны, а другі нагадвае белае воблака.

У другой палове чэрвеня камету рэкамендуецца назіраць перад узыходам сонца, у першай палове ліпеня — пасля захаду сонца на бязвоблачным небе.

Паводле слоў Кузнечыка, каметы, якія набліжаюцца да Зямлі настолькі, што іх можна бачыць няўзброеным вокам, адзначаюцца дастаткова рэдка. Апошняя з такіх камет была зафіксавана ў 2008 годзе, датуль такія нябесныя целы адзначаліся ў 1998 і 1997 гадах.

Як падкрэсліў дырэктар абсерваторыі, адной з найбольш значных астранамічных падзей у бліжэйшы час таксама будзе летняе сонцастаянне, якое надыдзе 21 чэрвеня ў 14 гадзін 28 хвілін. Гэтая дата знамянуе наступленне астранамічнага лета ў Паўночным паўшар’і, калі адзначаецца самы доўгі дзень і самая кароткая ноч.

Апрача таго, з 22 чэрвеня па 2 ліпеня праз Зямлю будзе праходзіць метэорны паток Баатыдаў. Колер метэорных успышак з‑за невялікай хуткасці патоку будзе чырванаватым, аднак умовы іх бачнасці ў Беларусі будуць не вельмі добрымі, прагназуе вучоны.


Анастасія Янушэўская, БелаПАН

←Кім Ён Нам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика