Вібратар і палітычная імпатэнцыя
Сапраўднага палітычнага жыцця ў Беларусі няма. Калі няма палітыкі, то што ж ёсць? Ёсць тэатр аднаго актора, які працуе ў рэжыме маналога. У ягоным атачэнні палітыку замяняюць брутальныя бойкі пад коўдрай з удзелам чыноўніцкіх кланаў. З іншага боку, у апазіцыі, прысутнічае амаль чыстае дысідэнства, якое сваім лозунгам смела можа абіраць словы з песні Ягора Летава «Я заўжды буду супраць».
Калі з уладай усё зразумела (тут палітык адзін і, адпаведна, нікога іншага побач з сабой Аляксандр Лукашэнка не пацерпіць), то чаму ж такія праблемы ў лагеры ягоных канкурэнтаў? Нейкіх якасных праграмных дыскусій у апазіцыі вельмі даўно не было. Хіба што трызненне пра тое, што лепш для Беларусі — Захад ці Усход. Але гэта вечная тэма. Ды й гады дыскусій над тэмай даўно ўжо збілі накал.
Нейкія псеўдапалітычныя патугі назіраюцца ў у апазіцыйных партыяў у часе выбараў, але з-за практычнай адсутнасці сапраўднай канкурэнцыі хутка, я думаю, і тут будзе поўны штыль.
Адзіны выпадак, калі нашае палітычнае балота пачынае інтэнсіўна пускаць бурбалкі, гэта калі справа нейкім бокам тычыцца сэксу.
Ці то гей-прайд, ці то ўяўны вібратар для ўяўнай жонкі апазіцыйнага палітыка — толькі гэта сёння выклікае вострыя словы і жаданне дэманстраваць прынцыповасць сярод палітычных лідэраў.
Мяне здзівіла інтэрв’ю Яраслава Раманчука для «Народнай Волі». Але толькі ў тым кантэксце, што гэта інтэрв’ю кандыдата ў прэзідэнты, якія заўжды спрабуюць пазьбягаць нейкіх экстравагантных выхадак.
Прынамсі, калі гэта сур’ёзныя, а не нішавыя кандыдаты.
Калі інтэрв’ю выклікала здзіўленне, дык рэакцыю некаторых палітычных сілаў спрагназаваць было вельмі лёгка.
— Хачу сказаць, што з такімі заявамі Яраславу Раманчуку будзе складана, нават немагчыма дамовіцца на сумесную працу не толькі з БХД, але і з многімі прадстаўнікамі правацэнтрысцкай апазіцыі. (каментар сустаршыні БХД Аляксея Шэіна сайту «Мы» — nn.by).
Прабачце, але падмяняць палітычны працэс дыскусіяй пра вібратар, і на гэтай падставе заяўляць пра адсутнасць шансаў на пабудову палітычнай кааліцыі — гэта ўжо занадта.
У гэтым выпадку вібратар варта разглядаць выключна як сімвал імпатэнцыі. У тым ліку і палітычнай.
Андрэй Пачобут