Пагроза сібірскай язвы застаецца
У 1941 годзе на востраве Рыерт ля берагоў Шатландыі праводзіліся даследаванні па заражэнні сібірскай язвай авечак, каб адпрацаваць новую бактэрыялагічную зброю. (Архіўны матэрыял. Дата публікацыі ў “РГ” – 16 лістапада 2001 года).
Пасля многіх гадоў простая драпінка тут можа каштаваць чалавеку жыцця. Па меркаванні навукоўцаў, востраў будзе заражаны спорамі сібірскай язвы да 500 год.
Заражэнне сібірскай язвай адбываецца пры доглядзе за хворай жывёлай, убоі, раздзелцы тушы, пры кантакце з трупам загінулай ад сібірскай язвы жывёліны, прадуктамі жывёлагадоўлі і прадметамі, вырабленымі з жывёлагадоўчай сыравіны.
Сярод жывёлы ўспрымальныя да сібірскай язвы, перш за ўсё, траваедныя: буйная і дробная рагатая жывёла, коні. Аднак захварэць ёй могуць і свінні.
Узбуджальнік хваробы – сібіраязвенная бацыла – існуе ў дзвюх формах: вегетытатыўнай, якая сустракаецца ў жывёлы, і споравай – па-за жывымі арганізмамі. Хворая жывёла выдзяляе мікробы сібірскай язвы з мачой, калам, крывяністымі выдзяленнямі, якія ў паветры пераўтвараюцца ў споры. Гэта надзвычай ўстойлівыя формы. Яны захоўваюць жыццяздольнасць пасля 10-мінутнага кіпячэння. Пад уздзеяннем сухога жару пры 120–140 градусах яны гінуць праз 1–3 гадзіны. У аўтаклаве пры тэмпературы 130 градусаў – праз сорак мінут. 1-працэнтны раствор фармаліну і 10-працэнтны раствор едкага натру забівае іх за 2 гадзіны. Заражаная глеба вельмі доўгі час застаецца крыніцай інфекцыі. Атрыманая ад жывёлы сыравіна (воўна, скура, шчацінне і інш.) і вырабленыя з яе прадметы захоўваюць небяспеку на працягу доўгіх гадоў. У глебе узбуджальнік можа не толькі захоўвацца многія дзесяцігоддзі, але і размнажацца.
Вялікую эпідэміялагічную небяспеку ўяўляюць старыя глебавыя ачагі – жывёльныя могільнікі. Яны могуць нават праз шмат дзесяцігоддзяў пры земляных работах выклікаць успышку сярод людзей і жывёлы.
У аснове прафілактыкі сібірскай язвы ляжыць строгае захаванне санітарных і ветэрынарных правілаў па прафілактыцы і барацьбе з заразнымі хваробамі, агульнымі для чалавека і жывёлы.
Трэба ўлічваць, што захворванні невакцынаванай жывёлы могуць узнікаць у любой мясцовасці, дзе ёсць стацыянарна небяспечныя па сібірскай язве пункты. Узбуджальніка сібірскай язвы могуць выносіць на паверхню зямлі нават дажджавыя чэрві. Першачарговай задачай прафілактыкі з’яўляецца своечасовая імунізацыя супраць сібірскай язвы сельскагаспадарчай жывёлы, якая праводзіцца ў стацыянарна небяспечных пунктах два разы на год. Прышчэпкі робяцца і людзям, якія прафесійна належаць да груп павышанай рызыкі.
Наталля РЫБАКОВА, урач-эпідэміёлаг.
Ачагі сібірскай язвы ў рэгіёне