Трохногі… пасажыр
Падымацца па прыступках трамвая, акрамя кійка, мне дапамагаюць парэнчы. Дзякуй таму, хто іх прыдумаў! Далей шукаю вачыма пустое месца. Калі такога няма, апускаю вочы і моцна трымаюся за парэнчы. Дзяўчына, ля якой стаю, заўважыла мой кіёк, схамянулася, ускочыла:
— Сядайце, калі ласка.
Хлопцы па суседстве толькі павялі вачыма.
У наступны раз месца мне зноў саступіла дзяўчына. І яшчэ ў наступны — немаладая жанчына. Гэта, напэўна, гендарная салідарнасць спрацоўвае, як і ў выпадку з цяжарнымі.
Жанчыны часцей і ахвотней саступаюць крэслы, бо ўяўляюць сябе на маім месцы. Незразумела, чаму мужчыны лічаць сябе застрахаванымі ад пералому нагі.Ну, ды бог з імі! Не такія ўжо і дрэнныя мужыкі — здараецца, і яны саступаюць месцы.
Стараюся заходзіць у пярэднія ці сярэднія дзверы, каб пасажыры, якія сядзяць, бачылі мяне і загадзя прымалі рашэнне. Бо калі ўваходзіць у заднія дзверы, рызыкую быць незаў‑ важанай і праехаць, стоячы на зламанай назе. Стаяць‑то яно нястрашна. Маё становішча пагаршаецца, калі транспартны сродак пачынае рухацца і раскачвацца. Калі надараецца ўваходзіць у апошнія дзверы, я наўмысна спыняюся ля крэсла з маладым чалавекам і спадзяюся на рэакцыю. Рэакцыя бывае не заўсёды. Стаю ля школьніка, юнак старэйшых класаў. Стараецца не паварочваць галавы, не глядзець у мой бок. Пазяхае.
Ні разу мне не саступалі месца школьнікі.А здаецца, гэта менавіта там, у першай навучальнай установе, прывіваюць павагу і шанаванне. Можа, ён адумаецца, калі вырасце, можа, не дай бог, калі сам трапіць у такую сітуацыю. А можа і не адумаецца. Можа, перавядзецца пакаленне, якое саступае месца ў транспарце.
— Дастаткова аднаго квітка, дзяўчыне не набывайце, — кажа кандуктар майму спадарожніку, уважліва разглядаючы кіёк.
Гэты кандуктар — мужчына. Тут ужо не гендарная салідарнасць, проста чалавечыя адносіны. Я тады падзякавала кандуктару ў трамваі. А зараз прылюдна перадаю яму вялікі дзякуй!
Езджу ў транспарце, у асноўным, калі людзі на працы. Народу ў трамваі няшмат, і, хутчэй за ўсё, знойдзецца пустое месца ці той, хто яго прапануе.
А вось у гадзіну пік быццам трапляеш у іншую краіну з іншымі людзьмі. Стомленыя едуць з працы ўрачы і кухары, бухгалтары і эканамісты, выхавацелькі і настаўнікі, праграмісты і журналісты, рабочыя з завода і студэнты. І кожны з іх, як і я, чакае, калі ж хто‑небудзь выйдзе і вызваліцца месца.Тут толькі натуральны адбор. Усе ў аднолькавым становішчы. Мой кіёк блытаецца між шматлікіх ног пасажыраў. Тыя, што сядзяць, зларадна пасміхаюцца з тых, хто стаіць, і моляцца, каб на наступным прыпынку не ўвайшла нямоглая бабулька. І каб ужо дакладна не заўважыць прысутнасць нямоглых у транспарце, утыкаюцца хто ў газету, хто ў тэлефон, хто старанна разглядае гузікі на сваім пінжаку, быццам тут іх з роду не было, а пакуль ён працаваў, нехта прышыў. Я не вытрымліваю натуральны адбор, бо не магу так спрытна падскокваць да нарэшце вызваленага месца. Абавязкова апярэдзіць хто‑небудзь больш стомлены. Я ўжо і не спрабую. Бараню свой кій, каб яго не знеслі — як‑небудзь даеду.
Яшчэ адна несправядлівая заканамернасць, якую заўважыла, — мне больш ахвотна саступаюць месца, чым бабулькам. Не, я не лыпаю вачамі, ды і выглядаю куды больш бадзёрай за бабулю, якая толькі што ўвайшла і мітусіцца паміж занятымі крэсламі.
Правераны прыём — сядзячыя пасажыры ўтыкаюцца ў газеты, тэлефоны, знянацку прышытыя гузікі і не заўважаюць старой.Я не вытрымліваю і гучна запрашаю:
— Ідзіце прысядзьце.
Узрадаваная бабка бяжыць ледзь не з іншага канца аўтобуса, заўважае мой кіёк і мяняецца ў твары.
— А нашто мне месца саступаеш, калі ў самой ножка баліць? Не буду я садзіцца!
— Не, сядайце, я хутка выходжу, ды і маладзейшая я, вытрымаю.
Пакуль мы спрачаемся, на прыпынку ўваходзіць усё такі ж сталеючы школьнік і завальваецца ў наша непадзеленае крэсла, нават не здымаючы заплечнік.Мы з бабуляй слупянеем. Сядзячыя пасажыры ажыўляюцца, сумленне прачынаецца, і нас абедзвюх усаджваюць.
— Вось вам аднаразовы білецік, а гэта — талон для дзяўчыны, можаце не прабіваць, няхай на іншую паездку застанецца. Цяпер, напэўна, часта прыходзіцца доктара наведваць, хоць крыху зэканоміце.
На гэты раз да майго спадарожніка з жаданнем хоць неяк дапамагчы і паўдзельнічаць звяртаецца кандуктар‑жанчына. І гэта таксама не гендарная салідарнасць, я ўпэўненая. У нашай краіне жывуць неабыякававыя, добрыя і міласэрныя людзі. Проста яны часта стамляюцца на працы і забываюць вучыць дзяцей спачуванню і павазе.
Таццяна Салдаценка, Звязда