Навука Таргавіцы
Ян Пётра Норблін. «Павешанне здраднікаў». |
Справа была ў другой палове XVIII ст. Тагачасная Рэч Паспалітая выглядала не сымпатычней, чым сёньняшні крэольскі рэжым. Эканамічна краіна занепадала пад уладай нікчэмнага караля. А культурна ператваралася з талерантнай Дзяржавы Абодвух Народаў у дзяржаву для каталікоў, дзе месца для іншаверцаў заставалася ўсё менш.
Ахвотных зьмяніць сытуацыю і ўрад не бракавала, у тым ліку сярод шляхты Вялікага Княства. Іх крыўдамі не прамінула скарыстацца і Расея, якая чынна дапамагла шляхецкім канфэдэрацыям, што супрацьстаялі прадажнаму каралеўскаму ўраду – спачатку Слуцкай, пазьней Таргавіцкай. Рабілі тое расейскія ўладары не за «дзякуй», а каб дасягнуць сваіх далёка не альтруістычных мэтаў.
Канфэдэратаў цяжка назваць здраднікамі. Яны даволі нацярпеліся крыўдаў ад сваёй дзяржавы, ім абрыдла няспынная дэградацыя навокал. Хаця сярод іх сапраўды маглі быць людзі хцівыя на расейскія грошы і абыякавыя да Бацькаўшчыны, няма ніякага сумневу, што былі і сумленныя патрыёты. Расейскія грошы нічога не далі б, калі б ня мноства сумленных, але пакрыўджаных грамадзянаў. Канфэдэраты фактычна выканалі расейскую імпэрскую праграму, з сапраўды добрымі намерамі і лёзунгамі — раўнапраўя, пераадоленьня анархіі — але ў выніку край апынуўся ў руках драпежных суседзяў.Наступствы вядомыя — тры падзелы беларуска-польскай дзяржавы. На зьмену нягегламу каралю Панятоўскаму прыйшла магутная Кацярына ІІ, на зьмену анархіі — дэспатыя і імпэрскі парадак.
Хоць сёньня полюсы памяняліся: улада праводзіць русіфікацыю, а не паланізацыю, а анархія і парадак сыходзяць зь іншых цэнтраў, навука для сучаснасьці – відавочная.
Бессэнсоўна скіроўваць гаворку пра руку Масквы ў Беларусі толькі да пытаньня «здрады». У краіне шмат праблемаў і скрыўджаных людзей, і Расея можа лёгка напаліць сытуацыю, укінуўшы свае грошы і скарыстаўшыся сваімі сувязямі.Спэцслужбы Беларусі і Расеі дагэтуль злучаныя мноствам нябачных асабістых сувязяў паміж саслужыўцамі і калегамі.
Пра гэтыя акалічнасьці нельга забывацца.
Нельга падтрымліваць першага-лепшага апанэнта Лукашэнкі толькі таму, што той выступае супраць Лукашэнкі. Важна ня тое, супраць каго/чаго нехта выступае, важна, за што/каго змагаецца.Таму змагацца супраць Лукашэнкі на расейскія грошы – праводзячы аб"ектыўна расейскія інтарэсы – шлях аблудны, з аднае пасткі ў другую.
Што ж пагражае Беларусі, калі «расейская партыя» выйграе? Не паглынаньне Расеяй, бо тая ня мае патрэбы ва ўсталяваньні наўпростага адміністрацыйнага кантролю. Гэта задорага для Масквы, для зьдзяйсьненьня сваіх мэтаў яна мае больш эфэктыўныя сродкі. Пагражае ж, у прыватнасьці, эканамічная экспансія, падтрыманая адміністрацыйным рэсурсам больш ляяльных Маскве (чым Лукашэнка) беларускіх элітаў.Гэта ня будзе прыход інвэстараў і новых гаспадароў, гэта будзе тое, што ў маскоўскіх фінансавых колах называюць ёмістым расейскім словам «дерібан».
Вядома, тое самае пагражае Беларусі і пры далейшым кіраваньні цяперашняга рэжыму. Аднак характар гэтага рэжыму такі, што беларускія контрэліты здолелі арганізаваць яму працяглы адпор. У выніку чаго ён вымушаны лічыцца з грамадзкай думкай.
Нельга адмыкаць дзьверы «дабрадзеям» з-за ўсходняй мяжы, якія цынічна злоўжываюць самаахвярным грамадзянскім уздымам супраць дэспатыі. Прыклад таргавіцкіх канфэдэратаў тут паказальны. Nil novi sub luna.
Сяргей Богдан