Сяргей Чалы: «Гульня ў паддаўкі ўсім надакучыла»
13.05.2010 13:03
—
Разное
Лідэры апазіцыі ўпёрліся ў пытанне: якім чынам вызначыць кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары? Што пра тое думаюць інтэлектуалы і маральныя аўтарытэты?
Алесь Пілецкі
Сяргей Чалы, эканаміст: «Справа ў тым што сам падыход да вызначэння адзінага кандыдата неправільны. Вось у нас ёсць набор фігур, і мы вырашаем, хто можа стаць кандыдатам, хто не можа. А потым ужо для кандыдата прыдумваецца праграма, як быццам гэта конкурс прыгажосці, а не выбары.
Правільнае рашэнне задачы заваёвы ўлады — аналіз сітуацыі і вызначэнне метадаў, якімі жаданыя змены могуць быць дасягнутыя. З іх наўпрост будзе выцякаць праграма кандыдата.Размова павінна ісці не пра тое, як тасаваць адну і тую ж калоду бітых карт, а пра тое, ці здольнае грамадства сфармуляваць асэнсаваныя патрабаванні для кіраўнікоў, і ўжо потым, зыходзячы з патрабаванняў да кандыдата, падбіраць адпаведную асобу. Будзе яна адзінай, ці не — усё роўна.
Патрэбен падыход, арыентаваны на вынік, а не на працэс. Гульня ў імітацыю ўдзелу ў выбарах і гульня ў паддаўкі ўжо ўсім надакучыла».
Іншыя меркаванні — на сайце НН у бліжэйшы час.
Алесь Пілецкі