Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаюцца ў «Дзень Ачка»?
Першыя выбары былі [другі тур -- НН] 10.07.94 — 1+7+9+4=21, потым 09.09.2001 — 9+9+2+1=21, апошнія 19.03.2006 — 1+9+3+2+6=21.
Наступныя выбары, паводле словаў Лідзіі Ярмошынай, могуць прайсці 6 лютага 2011 года. А гэта таксама 21! (6+2+2+11).
Нягледзячы на тое, што ў падобных падліках могуць быць і розныя хібы, Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца, наколькі важныя лічбы ў нашым жыцці.
Нумаролаг Мікалай Садоха кажа, што лічба нясе шмат інфармацыі, таму гэта не выпадкова. Лічба можа нават уплываць на мысленне. І каб паўплываць, неабходна проста падбіраць патрэбную дату.
«21 — гэта люстэрка 12, а 12 — гэта свет. Тое, што праяўляецца пасля нейкай падзеі. Таксама 21 — гэта вопытны псіхолаг, які ведае, якія нітачкі пацягнуць, каб атрымаць вынік. Нехта працуе і падбірае не выпадкова, для некага 21 дае добры вынік».
Калі ж раскруціць лічбу 21 паводле касмічнага закону Альфы і Амегі, атрымаем на другім узроўні 11, а гэта значыць паварот. А вось куды ўсё паверне, залежыць ад усталёвак!
«Куды што паверне — усё залежыць ад таго, з якіх мэтавых ўсталёвак праходзяць выбары. Ці гэта будзе больш святла ў розумах людзей, тады яны выберуць кандыдата, які больш падыходзіць. Калі нешта іншае, то прывядзе да негатыўнага».
А калі разгледзець лічбу 21 у іншым ракурсе, як «дваццаць адзін», то «дваццаць» — гэта будуць людзі, якія прыйшлі на выбары. А вось «адзін» значыць, што яны мусяць выбраць адзінага кандыдата.
«Людзі прыйшлі пабачыць адзінага, якога яны павінны абраць».
Магчыма, таму нашая апазіцыя не перамагае на выбарах, бо штогод не можа абраць адзінага кандыдата?
Тое, што даты выбараў абіраюцца не выпадкова, пацвердзіў і Мікалай Лазавік. Але, згодна з ягонымі словамі, гэта звязана з іншымі фактарамі.
«Даты прызначаюцца невыпадкова, але якраз не бяруцца пад увагу нейкія кабалістычныя лічбы, 21, 13, 666. Пры вызначэнні даты выбараў — як правіла, вось прэзідэнт раіцца, калі прызначае мясцовыя і парламенцкія выбары: каб быў зручны час па перыядзе сельгаспрац, супадзенне ўлічваецца рэлігійных і дзяржаўных святаў, перыяд меншай колькасці адпачынкаў. Але ні ў якім разе не кабалістыка».
Лічба 21 шчаслівая і для карцёжнікаў. Бо ў «Блэк Джэк», ці рускім аналагу «Ачко», дваццаць адно — гэта выйгрышная камбінацыя.
Дарэчы, калі кіравацца такой «лічбавай логікай», то прэзідэнцкія выбары могуць адбыцца ўжо сёлета. Напрыклад, 7 лістапада (7+11+2+1). Гэта акурат нядзеля.Віталь Ругайн, Еўрарадыё