У Тураве пройдзе Фестываль кулікоў

Источник материала:  
27.04.2010 12:03 — Разное
1—2 мая ў Тураве пройдзе Фестываль кулікоў.

Ініцыятарам мерапрыемства выступіла грамадская арганізацыя »Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ), суарганізатарамі з’яўляюцца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Праграма развіцця ААН у Беларусі, Праграма малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду, Праект ГЭФ/ПРААН па Палессю, Жыткавіцкі райвыканкам.

Як паведаміў спецыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін, мэта фестывалю — прыцягнуць увагу да экалогіі, садзейнічаць развіццю прыроднага і культурнага турызму на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна.

Фестываль адкрыецца семінарам па праблемах аховы птушак адкрытых пойменных лугоў, прадугледжана забаўляльна‑пазнавальная праграма.

У прыватнасці, пройдуць выступленні фальклорных і музычных калектываў, прысвечаныя птушкам, а таксама дэфіле »Кулічыная мода», на якім будуць прадстаўлены калекцыі юных дызайнераў рэгіёну і дызайнераў Міжнароднай маладзёжнай творчай майстэрні »Млын моды».

Акрамя таго, для ўсіх ахвотных будуць арганізаваны назіранні за птушкамі, майстар‑класы АПБ па выяўленні птушак на тканіне, тату з птушкамі, а таксама майстар‑класы Тураўскага дома творчасці па кераміцы, саломцы, вышыўцы і іншых народных промыслах.

Запланавана выстава матэрыялаў АПБ за ўсе гады існавання арганізацыі: выданні «Птушкі і мы», плакаты‑вызначальнікі птушак.

У другі дзень фестывалю пройдзе фотапленэр «Птушкі Тураўскага лугу», у якім возьмуць удзел прафесійныя фотапаляўнічыя.

Як адзначыў Шайкін, фестываль праводзіцца другі раз. Чакаецца, што ён збярэ мноства ўдзельнікаў, у тым ліку прадстаўнікоў замежных дыпламатычных місій, прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый у Беларусі.

Паводле слоў спецыяліста, Тураўскі луг — адно з найбольш важных месцаў гнездавання і спынення падчас міграцыі водна‑балотных птушак. Усяго на лузе жыве каля 500 пар 55 відаў такіх птушак. Тут таксама размешчана самае вялікае пасяленне занесенага ў Чырвоную кнігу куліка‑марадункі. Акрамя таго, сотні тысяч птушак спыняюцца на лузе падчас вяснова‑восеньскіх пралётаў.


Анастасія Янушэўская, БелаПАН.

←В Венесуэле установлен бюст Симона Боливара

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика