На Валожыншчыне прадпрымальны рыбак зліў ваду з возера
Пра здарэнне распавяла старшая следчая Валожынскага райаддзела Следчага камітэта Аксана Гульба.
Валожынскі райвыканкам даў у арэнду аднаму з калгасаў возера, каб вырошчвалі ў ім рыбу на продаж.
Гэтае возера злучанае каналам з іншым возерам. Яны аддзеленыя дамбамі, і рыба аднаго возера не трапляе ў другое.
Увечары 4 лістапада рыбак з Валожыншчыны прыйшоў на возера і стаў вудзіць рыбу на спінінг. Справа ішла павольна, і ён вырашыў дзейнічаць па-іншаму. Адкрыў гаечным ключом шлюз і стаў чакаць, пакуль вада з возера з рыбай, якую вырошчваюць на продаж, перацячэ ў другое возера.
Праз дзве гадзіны ўжо можна было проста хадзіць і збіраць рыбу ў мяхі, што і зрабіў рыбак. Аднак калі ўбачыў фары машыны, што праязджала міма, то вырашыў збегчы. Спачатку схаваўся ў кустах, а потым пабег дамоў.
Як аказалася, гэта была машына міліцыі. Супрацоўнікі якраз ехалі на гэтыя азёры. Ім пазванілі занепакоеныя мясцовыя жыхары, якія заўважылі, што ў адным возеры раптам стала хутка паднімацца вада.
Рыбака затрымалі. Яму пагражае да трох гадоў турмы. 20 лістапада справу накіравалі ў суд.
Старшая следчая Аксана Гульба заўважае, што калгас, які арандаваў возера, не паклапаціўся ні пра асвятленне тэрыторыі, ні пра тое, каб наняць ахоўніка, ні пра папераджальную таблічку, што ў возеры вудзіць нельга.
Калгасу ўказалі на гэтыя рэчы і раілі іх выправіць.