Уліп ты, Орлік, дык уліп
17.06.2014
—
ЧП
Вечарам, калі Андрэй Клімовіч з вёскі Завішша Іванаўскага раёна вяртаўся з агарода на дзесяцігадовым Орліку, конь збочыў са звыклага шляху і трапіў у меліярацыйны канал.
Гаспадар з жахам глядзеў, як, імкнучыся выбрацца, Орлік усё больш загразаў у глеі, ды так, што на паверхні засталася толькі галава. Выратаваць яго спрабаваў з пляменнікам, але сіл не хапала.
Пакуль Андрэй Варфаламеевіч выклікаў выратавальнікаў, да канала збегліся вяскоўцы, а мясцовы інжынер нават прыгнаў трактар.
Праз дзве гадзіны Орліка выцягнулі, вось толькі дадому ён не спяшаўся, блукаў побач з каналам. Відаць, запамінаў, куды ў наступны раз лепш не лезці.