Дзякуючы пажарнаму апавяшчальніку выратавалі мужчыну
22.10.2013
—
ЧП
Учора каля 22.30 жанчына з вёскі Шчыпанавічы пачула гук пажарнага апавяшчальніка, выглянула на вуліцу, а там з дома суседзяў ідзе дым.
Апавяшчальнік знаходзіўся не ў кватэры, а на знешнім баку дома. Таму суседцы было добра чуваць. Яна адразу ж выклікала выратавальнікаў, якія паспелі выратаваць гаспадара кватэры №2, дзе і пачаўся пажар.
Дом двухкватэрны. Жыхары кватэры №1 самі выйшлі на вуліцу, стаялі ды нечага чакалі, але ў МНС не званілі.
Пацярпелы гаспадар цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі Ашмянскай ЦРБ. У яго вострае атручэнне прадуктамі гарэння.
Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
Пра здарэнне расказаў начальнік цэнтра прапаганды і навучання Гродзенскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Маслаў.
Настасся РОЎДА.
Фота retech.by