У Ганцавіцкім раёне аператыўныя атрады шукалі людзей у лесе некалькі сутак

Источник материала:  
30.09.2013 10:38 — ЧП

Чацвер, 19 верасня, адзначыўся ляснымі прыгодамі двух жыхароў Ганцавіцкага раёна, якія заблудзіліся ў мясцовых лясах. Жыхарка в. Дзяніскавічы пайшла па грыбы і прашукала іх больш за 24 гадзіны. Жыхар в. Раздзялавічы адправіўся па журавіны і вынес іх з балота толькі на трэція суткі.

Скупым афіцыйным радком

Скупыя радкі міліцэйскіх зводак: "19.09.2013 у 19 гадзін 52 хвіліны паступіла паведамленне Цыган Ліліі Міхайлаўны, жыхаркі в. Дзяніскавічы…", "20.09.2013 у 16 гадзін 58 хвілін паступіла паведамленне Канановіч Марыі Іванаўны, жыхаркі в. Хатынічы…". Менавіта гэтыя жанчыны з розніцай у суткі паведамілі ў РАУС аб тым, што з лесу не выйшлі людзі - сяброўка першай, Марыя Сцяпанаўна Палуян, 1956 года нараджэння, і пляменнік другой, Сяргей Мікалаевіч Рабцэвіч, 1993 года нараджэння.

Марыю Сцяпанаўну кінуліся шукаць вечарам таго ж дня, калі яна знікла. Суседка паведаміла аб здарэнні дачцэ жанчыны, і сваякі адразу ж паднялі на ногі службу выратавання, РАУС і супрацоўнікаў мясцовага лясгаса. Першы вечар пошукаў не стаў паспяховым, і раніцай наступнага дня ратавальнікі жанчыны па спецыяльна распрацаваным маршруце зноў прачэсвалі лес.

Знайшлася Марыя Сцяпанаўна сама: пачула гул бульдозера і выйшла на яго. Непадалёк ад урочышча Бабовішчы, што каля Будчы, чысцілі каналы работнікі Ляхавіцкай ПМС. Яны напаілі, накармілі жанчыну і далі тэлефон, каб пазваніла дадому, вывезлі на дарогу, дзе перадалі ў рукі родных.

Вечарам гэтага ж дня дачка жанчыны Жанна Зялёнка забрала маці да сябе ў Ганцавічы: пасля стрэсу Марыі Сцяпанаўне спатрэбілася дапамога ўрачоў і клопат блізкіх. Акрамя павышанага ціску, яе пачала турбаваць алергія - ці то на глебе нервовага ўзрушэння, ці то ад доўгага знаходжання побач з ляснымі раслінамі…

Сяргей Мікалаевіч начаваў у лесе дзве ночы. Яго бацька і брат спачатку разлічвалі на свае сілы і шукалі хлопца самастойна. Потым падключыліся суседзі, знаёмыя.

"Мне патэлефанавалі мясцовыя жыхары, расказалі, што прапаў у лесе хлопец з Раздзялавіч", -
расказаў старшыня Хатыніцкага сельвыканкама Генадзь Перашчук.

Цэлы дзень 20 верасня Сяргея безвынікова шукалі ў лесе супрацоўнікі РАУС, Хатыніцкага сельвыканкама, леснікі і мясцовае насельніцтва.

На наступны дзень, 21 верасня, Генадзь Аляксандравіч звярнуўся па дапамогу да выратавальнікаў аварыйна-выратавальнага паста ў в. Раздзялавічы. У гэты дзень, па звестках Брэсцкага УМНС, Сяргея Рабцэвіча шукалі 19 чалавек на 3 адзінках тэхнікі. Праз дзве з паловай гадзіны Сяргей знайшоўся: ён выйшаў на гук аўтамабільнай сірэны. "Стан маладога чалавека здавальняючы, медыцынская дапамога яму не патрэбна", - канстатавалі медыкі хуткай дапамогі…

З удзельніцай начных вандровак па лесе, Марыяй Сцяпанаўнай, а таксама з яе дачкой і некаторымі людзьмі, што прымалі ўдзел у пошуках, удалося сустрэцца і пагаварыць у дзень шчаслівага вяртання жанчыны ў звычную абстаноўку.


Ноччу ў лесе

Гэта толькі здаецца, што ў наш цывілізаваны век у лесе заблудзіцца нельга. Ганцавіцкія лясы і балоты, размешчаныя на 82,6 тысячы гектараў, хаваюць нямала дзівосаў, тайн і - небяспекі.

Для Марыі Сцяпанаўны такую небяспеку стварыў дзік, якога яна згледзела паміж дрэў, непадалёк ад сябе. Пакуль жывёліна не ўбачыла жанчыну, тая кінулася ад яе ўцякаць. Калі спынілася, перавяла дыханне, пачала клікаць суседку, з якой прыйшла ў лес. А ў адказ - цішыня…

Марыя Сцяпанаўна паспрабавала зарыентавацца. Вырасла, лічы, сярод лесу, павінна ж знайсці выйсце! Аднак заміналі пахмурнае надвор'е і хваляванне.

Хутка лясная вандроўніца заўважыла, што кружыць на адным месцы: куды ні пойдзе - на тое ж месца вяртаецца. Пачала заломліваць галінкі і пайшла далей. Моцна балелі хворыя ногі. Да таго ж праз некаторы час яна трапіла ў балота, па якім проста ісці было немагчыма. Прыходзілася прабірацца па дрыгве, прадзірацца праз асаку амаль у рост чалавека.

"Я ж несла яшчэ каля трох кашоў адборных грыбоў, шкада было кідаць. Дык кіну іх наперад сябе і сама то падпаўзу да іх па дрыгве, то перакачуся, - раскажа пазней родным і сябрам жанчына. - Потым бачу, не спраўлюся: кінула грыбы і пастаралася выбрацца з балота сама".

Між тым дзённае святло паступова саступіла месца вечароваму прыцемку, а затым і начной цемры. Марыя Сцяпанаўна прысела адпачыць. Ноччу бачыла "нешта чырвонае" здалёк, але не здагадалася, што гэта - ракеты, з дапамогай якіх яе вышукваюць.

"Думала, мо ў мяне ў вачах ужо нешта робіцца, - згадае потым, дома, Марыя Сцяпанаўна, - але старалася трымаць сябе ў руках. Думаць аб дрэнным не было калі: думала толькі, што хачу дайсці дадому".

Да світання жанчына прыслухоўвалася да ўсяго і - малілася. Спачатку ад хвалявання забылася нават "Ойча наш", пасля пастаралася засяродзіцца і ўспомніла.

"Анёлы-выратавальнікі, не пакіньце мяне, укажыце шлях!" - прасіла яна. І - цуд! - малітва супакоіла, дала сілы і разуменне, дзе яна знаходзіцца.

На світанні Марыя Сцяпанаўна пайшла па намечаным кірунку і хутка пачула гук працуючага экскаватара…

А ў гэты час…


Іна Анатольеўна разам з двума братамі, мужам, яго сябрам Анатолем, дзядзькам, сябрамі Жаннай Рабцэвіч, Сяргеем Берташам першым чынам пачалі тэлефанаваць у службы, якія маглі б дапамагчы знайсці дарагую прапажу, і самі кінуліся на пошукі. Хутка падключыліся суседзі, леснікі, міліцыя, служба МНС.

Расхваляваная суседка, якая была ў лесе разам з Марыяй Сцяпанаўнай, ніяк не магла ўспомніць і паказаць месца, дзе яны бачыліся ў апошні раз. Між тым Іна разумела, што знайсці маці варта літаральна за суткі. Чамусьці здавалася ёй, што гэты тэрмін гарантуе маміна жыццё і здароўе.

Па дарозе ў Дзяніскавічы і ходзячы па лесе, Іна раз за разам згадвала, як маці прасілася ў грыбы ўжо некалькі дзён запар. Дачка ўгаворвала:

"Пачакай пару дзён, хутка мы з Віталем скончым рамонт балкона і выедзем у лес усе разам". І ў гэты дзень каля 9-ці раніцы дачка пагаварыла з маці. "От каб у грыбы! Усе людзі ў лес ідуць…" - папрасілася зноў тая. Іна вырашыла, што супакоіла яе чарговым абяцаннем і спакойна ўзялася за работу. Ох, не ведала яна, што маці ўжо стаяла напагатове і праз паўгадзіны разам з суседкай накіравалася ў лес. Толькі сыну яшчэ патэлефанавала - запрасіла ў абед дапамагчы перабраць грыбы…

Мітуслівыя, цяжкія думкі і прадчуванні Іны час ад часу спынялі словы і ўгаворы, якімі падтрылівала яе сяброўка. Суседзі запэўнівалі: "Ды не пойдзе яна далёка з хворымі нагамі!".

"Прызнацца па праўдзе, я таксама думаў на дрэннае", - заўважаў пазней сябар сям'і Сяргей Берташ.

І, пэўна, не толькі Іна ды ён. Але нездарма кажуць: надзея памірае апошняй. І пошукі не спынялі.

Спачатку прачэсвалі лес, потым сігналілі на машынах, пусцілі ў начное неба 8 ракет.

Дамоў вярнуліся пасля дзвюх гадзін ночы. У дзвярах Іну і Віталя сустрэла дачка.

"Яе вочы я не забуду ніколі. Маўчыць - і глядзіць на мяне, баіцца што спытаць. А я гляджу на яе і таксама баюся адказаць…" - праз некалькі гадзін пасля таго, як усё скончылася добра, гэты эпізод Іна згадвала не менш балюча.

На наступны дзень ляснічы Дзяніскавіцкага лясніцтва прынёс карту. Выратавальнікі распрацавалі маршрут, і аператыўны атрад пачаў прачэсваць лес.

Іна здрыганулася, калі пачула тэлефонны гудок. Пэўна, ніколі да гэтага так не радавалася яна голасу маці, як у гэтую раніцу.

"Я ў Галянішч ужэ, тут рабочыя…" - толькі і сказала тая. І напружанне апошніх сутак пралілося слязамі радасці.

"Сваякі, суседзі з вёскі, сябры - мае і мужа, леснікі і ляснічы, цэлы аўтобус супрацоўнікаў службы МНС, работнікі "Аховы", ДАІ, крымінальнага вышуку і іншых аддзяленняў РАУС - усе кінуліся нам на дапамогу адразу. Усім ім мы бязмежна ўдзячны за дарагога нам чалавека", - не будзе хаваць слёз радасці Іна і пазней, вечарам. - Калі ласка, перадайце праз газету нашу падзяку за іх чалавечнасць. Няхай у іх сем'ях заўсёды ўсё будзе добра"…


Замест эпілога

Па прыкладных падліках ляснічага Дзяніскавіцкага лясніцтва Дзяніса Рабцэвіча, жанчына прайшла кіламетраў 10-12. "Самай вялікай небяспекай для яе сталі мокрае надвор'е і дрыгва, у якую яна трапіла", - лічыць ён.

"Эх, і залатая ў мяне цешча! Гэта ж столькі людзей падняла!" - шчасліва жартаваў увечары Віталь.

"Дзе ж начавала, сябровачка?" - пыталіся ў Марыі Сцяпанаўны суседкі. "У заапарку!" - у тон ім адказвала Марыя Сцяпанаўна і расказвала, як ішла за казуляй, як потым тая ўцякла ад яе. А сама ўсім сэрцам адчувала, як добра знаходзіцца паміж сваіх. А ў той "заапарк", сцвярджае, ёй больш не хочацца…

←Три рыболовецких судна затонули в Китае из-за тайфуна, более 74 человек числятся пропавшими

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика