Ад Прады не ўцячэш
01.03.2013
—
ЧП
У штат Віцебскага АУМНС залічаны чацвераногі сябар.
Выратавальнікі з Віцебска прыступілі да стварэння ўласнай кіналагічнай службы. Адным з першых яе членаў стала трохмесячны лабрадор па мянушцы Прада.
— Сабакі гэтай пароды выдатна паддаюцца дрэсіроўцы, прыязныя, што немалаважна для людзей, якія трапілі ў стрэсавую сітуацыю, — расказвае Павел Семчанка, інспектар-кінолаг пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада «Віцязь». — Першая з каманд, якую засвоіла Прада, — «фу!». Зараз яна вучыць, што значыць «голас», «апорт», «сядзець».
Спецыялізацыя Прады — пошук людзей, што прапалі ў лясах. Але пакуль што ў сабачаняці хатні рэжым. На заданні і на вуліцу яе не выпускаюць, каб не захварэла, бо медыцынскай прышчэпкі ёй яшчэ не зрабілі.