Дзікоў забіваюць і збіваюць на машыне

У лістападзе некалькі разоў дзікі на Вілейшчыне станавіліся ахвярамі паляўнічых і аўтааматараў.
Усяго за лістапад на дзікоў тройчы палявалі браканьеры. Напрыклад, 15 лістапада падчас рэйда супрацоўнікі Вілейскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і Вілейскага лясгасу знайшлі парэшткі тушы дзіка.
Ад яго засталася шкура, косці. Падчас агляду заўважылі адтуліну, падобную на тую, што застаецца ад выстрала з наразной зброі.
На месца здарэння прыехала міліцыя. Паводле папярэдніх дадзеных, жывёла загінула 14 лістапада. Праводзіцца праверка.
Шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю, складае па шэсць мільёнаў рублёў за кожнага з трох дзікоў.
У дзікоў пачаўся гон
18 лістапада адбылося адразу два сутыкненні з машынамі.
Першы выпадак быў на аўтадарозе Мінск–Маладзечна–Мядзел каля вёскі Чарчонава каля 15 гадзін. Тушу жывёлы перадалі арандатару паляўнічых угоддзяў Вілейскаму доследнаму лясгасу.
Другое сутыкненне адбылося вечарам таго ж дня каля вёскі Журыхі. Тушу перадалі арандатару – вілейскаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў.
Шлюбны перыяд, які доўжыцца ў дзікоў у лістападзе-снежні, праходзіць вельмі бурна. Таму просім аўтамабілістаў быць максімальна ўважлівымі, калі зацемна праязджаеце каля лесу. У гэты час найбольшая верагоднасць, што дзік з’явіцца на дарозе.
Вілейская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету дзякуе жыхарам горада і раёна, якія садзейнічаюць выяўленню і спыненню фактаў парушэння прыродаахоўнага заканадаўства. Тэлефон інспекцыі 8(01771)3-52-26.
Руслан КУНАВІЧ, дзяржінспектар Вілейскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Фота забяспечана Русланам КУНАВІЧАМ.