На паляванне на... камбайне
Работнікам Пінскай міжрайінспекцыі паступіла інфармацыя пра незаконныя паляванні з выкарыстаннем... камбайна пры правядзенні на апошнім сельскагаспадарчых работ. І яна пацвердзілася.
— Дзяржінспектары разам з работнікамі Іванаўскай раённай структуры "Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў" і супрацоўнікамі міліцыі пасля 18 гадзін паблізу вёскі Навасёлкі ў паляўнічых угоддзях вышэйназванага карыстальніка затрымалі работнікаў ААТ "Агра-Моталь", якія знаходзіліся ў камбайне, — паведамілі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. — У іх канфіскаваны тры паляўнічыя стрэльбы, у тым ліку дзве — незарэгістраваныя. У дачыненні да затрыманых складзены пратаколы аб адміністрацыйным парушэнні: паляванні без дазвольных дакументаў, у забаронены час, забароненымі прыладамі. Падчас вядзення адміністрацыйнага працэсу высветлілася, што гэта паўторнае падобнае парушэнне, здзейсненае імі на працягу года. У сувязі з гэтым вінаватым пагражае крымінальная адказнасць.