Небяспечны тайнік ля мяжы
Больш за 96 кілаграмаў выбуховага рэчыва выявілі супрацоўнікі УКДБ па Гродзенскай вобласці ў беларуска-польскім памежжы.
Замаскіраваны тайнік з пластыкавай выбухоўкай знаходзіўся ў лясным масіве пагранічнай зоны ў чатырох кіламетрах ад мяжы на тэрыторыі Адэльскага сельсавета Гродзенскага раёна. Адпаведную інфармацыю, якая пацвердзілася, супрацоўнікі антытэрарыстычнага падраздзялення УКДБ атрымалі ад мясцовых жыхароў у рамках спецыяльных комплексных мерапрыемстваў "Арсенал". Выбухоўку знішчылі шляхам утылізацыі і цяпер праводзяцца следчыя дзеянні па ўстанаўленні асоб, якія маюць да яе дачыненне.
Прэс-служба УКДБ па Гродзенскай вобласці зазначае, што на гэтым участку мясцовасці праваахоўнымі органамі неаднаразова спыняліся спробы незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы нелегальнымі мігрантамі. Таму следствам не выключаецца версія складзіравання выбуховых рэчываў для нелегальнай перапраўкі ў краіны Еўрасаюза.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Баявы арсенал вострава ПагранічныЗвыш тысячы снарадаў часоў Вялікай Айчыннай вайны выпадкова было заўважана на востраве Пагранічны, недалёка ад Брэста, фактычна на мяжы Беларусі і Польшчы. Небяспечны груз знайшлі працаўнікі прадпрыемства "Днепрабугводшлях", калі расчышчалі бераг абводнага канала вакол вострава. Боепрыпасы ляжалі ў зямлі на глыбіні каля 1,5 метра. Сапёры, якія прыбылі на месца, дадаткова абследавалі ўвесь востраў, але больш слядоў вайны не знайшлі. Снарады спецыялісты вывезлі на спецыяльны палігон і абясшкодзілі.
Яна СВЕТАВА.