У ахвяры знялі нават абутак
26-гадовы мінчанін пасля застолля вяртаўся дадому. Яго размарыла і ён прысеў на лаўку. Прысеў, ды і задрамаў. На хлопца, які спіць, звярнула ўвагу кампанія з трох мінакоў, сярод якіх быў і раней судзімы за рабаванне...
— Маладзёны расштурхалі таго, хто спаў, пад рукі завялі ў бязлюднае месца паблізу Сляпянскай воднай сістэмы. Пасля некалькі разоў ударылі незнаёмца і адабралі ў таго заплечнік, дзе знаходзіўся ноўтбук, лічбавы фотаапарат, мабільны тэлефон, плэер і партаманет з грашыма. Аднаму з напаўшых так спадабаўся абутак ахвяры, што той прыхапіў яго з сабой, — расказалі ў Першамайскім РУУС г. Мінска. — Калі пацярпелы ачомаўся, ён звярнуўся па дапамогу ў міліцыю. Злачыннае трыа затрымалі, зараз іх дзеянням даецца прававая ацэнка.
Сяргей РАСОЛЬКА.