Машына ДАІ ўрэзалася ў мачту асвятлення
Адбылося гэта раніцай у сталіцы на вуліцы Чыгуначнай падчас праследавання экіпажам парушальніка.
Паводле інфармацыі прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама, каля 4.30 у Кастрычніцкім раёне горада кіроўца аўтамабіля "Фольксваген Пола" не спыніўся па патрабаванні інспектараў ДАІ. Пачалося праследаванне парушальніка, да якога неўзабаве далучыўся экіпаж ДАІ Маскоўскага раёна. У нейкі момант, праязджаючы на вуліцы Чыгуначнай, вадзіцель службовага легкавіка не справіўся з кіраваннем, і аўтамабіль урэзаўся ў мачту вулічнага асвятлення.
Як удакладнілі ў Мінскім гарадскім упраўленні МНС, кіроўцу дасталі з салона да прыбыцця выратавальнікаў. А вось другога інспектара, які ехаў на пасажырскім сядзенні, работнікам МНС давялося дэблакіраваць пры дапамозе гідраўлічнага інструменту. Абодва пацярпелыя з сур'ёзнымі траўмамі былі шпіталізаваны ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Зараз высвятляецца прычына дарожна-транспартнага здарэння.
А парушальніка, за якім вялося праследаванне, затрымалі на праспекце Любімава. Ён быў нападпітку: у крыві выявілі 1,77 праміле. У кіроўцы не было вадзіцельскіх правоў, раней ён быў судзімы за забойства...
Сяргей РАСОЛЬКА.