Бабулю шукалі двое сутак. І знайшлі! У балоце!
Пенсіянерку з Паставаў, у якой вялікія праблемы са здароўем, давялося шукаць двое сутак. Выйшаўшы вечарам з дому падыхаць свежым паветрам, яна прагульвалася, перасоўваючыся з дапамогай кійка. Позна ўначы, калі пенсіянерка не вярнулася, яе дачка падняла трывогу: тэлефанавала родным і знаёмым, у бальніцу... Паспрабавала з дапамогай знаёмых адшукаць маці. Ды ўсё безвынікова. На другія суткі звярнулася ў міліцыю.
Яўген Малікаў, старшы лейтэнант міліцыі, оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку, неадкладна ўключыўся ў пошук жанчыны. Падключыў да гэтага кінолага з раённага аддзела Дэпартамента аховы. Калі прыбылі да месца здарэння, сабака неўзабаве ўзяў след і прывёў да берага возера, дзе на пляжы знайшлі жаночы туфель. Дачка сказала, што ён належыць зніклай. Да пошукаў падключылі і вадалазаў, якія цэлы дзень прачэсвалі дно возера, але нічога не знайшлі. Здаецца, пошукі зайшлі ў тупік. І вадалазы ўжо складалі сваю амуніцыю. Але Яўген Малікаў вырашыў працягнуць пошукі.
На кліч зніклая не адгукалася. Мяркуючы, што далёка жанчына сысці не магла, тым больш, як патлумачыла яе дачка, у бабулі склероз і яна магла лёгка заблудзіцца, Яўген знайшоў сляды на памятай траве, што вялі праз невялікі хмызняк да балота. А неўзабаве — і бабулю, якая ляжала ў балотнай вадзе. Знясіленая, яна не магла ўжо не толькі хадзіць, але і паўзці. З дапамогай вадалазаў яе вынеслі з балота. Затым, выклікаўшы хуткую медыцынскую дапамогу, адвезлі ў раённую бальніцу, дзе жанчына і знаходзіцца зараз на лячэнні.
Дачка доўга не магла прыйсці ў сябе ад радасці, што ў выніку знайшлі маці жывой. Выказвала словы падзякі Яўгену Малікаву і ўсім, хто прыняў удзел у пошуку. А прамаруджванне магло быць смерці падобнае: знясіленая жанчына была ў вельмі цяжкім стане. Аб гэтым паведамілі "Звяздзе" ў прэс-службе ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.