Пад касу — тры гектары канопляў
За паўтара месяца на Гомельшчыне знішчана каля 11 га незаконных пасеваў канопляў і маку — гэта амаль 20 тон наркатычных раслін. З іх чацвёртая частка — побач з вёскай Заполле ў Рагачоўскім раёне. Буйная плантацыя канопляў (больш за 3 гектары) выяўлена супрацоўнікамі групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Рагачоўскага РАУС падчас мерапрыемстваў спецыяльнай праграмы "Мак". Пасевы скошаны і спалены. Дарэчы, напярэдадні на прысядзібным участку жыхаркі вёскі Стрэнькі ў тым жа раёне выяўлена больш за сто кустоў маку. У дачыненні да гаспадыні ўчастка складзены адміністрацыйны пратакол.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Адабрала ў бабулі... шампанскае81-гадовая жыхарка Віцебска паскардзілася ў міліцыю на тое, што сярод белага дня невядомая ёй жанчына зайшла ў яе незачынены дом і ўкрала шампанскае і лікёр — па бутэльцы кожнага напітку. Супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС затрымалі злачынку. Высветлілася, што ўкрала спіртное непрацуючая, раней судзімая за махлярства 32-гадовая мясцовая жыхарка.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Па мільёну за кожны кілаграмПаблізу вадаёма "Ленчына" ва Уздзенскім раёне работнікі Стаўбцоўскай міжрайінспекцыі затрымалі 43-гадовага грамадзяніна, які здабываў рыбу стаўнымі сеткамі. У парушальніка канфіскавалі дзве сеткі агульнай даўжынёй 100 метраў і ўлоў — 37 залатых карасёў і 18 лінёў. Заважыў ён на 10 кілаграмаў. Шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю ў асабліва буйным памеры, ацэнена ў 11 мільёнаў рублёў. Выходзіць, кожны кілаграм рыбкі каштаваў браканьеру больш чым у мільён рублёў. Грамадзяніна чакае крымінальная адказнасць.
Сяргей РАСОЛЬКА