Пасля смерці сяброў пайшоў спаць
Светлагорскі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь распачаў крымінальную справу па факце смерці двух школьнікаў, якія загінулі ў дарожна-транспартным здарэнні на 6-м кіламетры гравійнай аўтадарогі Міхайлаўка-Красноўка-Малімоны-Коўчыцы.
Як паведамілі ў групе інфармацыі і сувязі з грамадскасцю ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці, у 3 гадзіны ночы 3 чэрвеня на закругленні дарогі 16-гадовы юнак не справіўся з кіраваннем і з'ехаў у кювет, дзе ўрэзаўся ў прыдарожнае дрэва. Як стала вядома, школьнік без дазволу ўзяў ключы ад бацькоўскіх "Жыгулёў", каб пакатаць сяброў. У выніку адзін з пасажыраў (1996 г.н.) загінуў на месцы здарэння, другі (1997 г.н.) памёр у аўтамабілі хуткай дапамогі па дарозе ў бальніцу. 14-гадовая дзяўчына, якая сядзела побач з кіроўцам і была, як і ён, прышпілена рэменем бяспекі, шпіталізаваная ў Светлагорскую ЦРБ са шматлікімі пашкоджаннямі. Сам кіроўца сур'ёзна не пацярпеў.
Акрамя ўсяго, высветлілася, што пасля ДТЗ малады чалавек перапалохаўся і з месца здарэння збег. Толькі ў 6 гадзін раніцы людзі, якія ехалі па дарозе, убачылі вынікі трагедыі і выклікалі хуткую меддапамогу і міліцыю. Цяпер для высвятлення фізічнага стану юнака ў момант здзяйснення ДТЗ узяты біялагічныя аналізы. Светлагорскім раённым аддзелам Следчага камітэта прызначаны шэраг экспертыз, у тым ліку судова-медыцынская і аўтатэхнічная.
Дарэчы, усе юнакі — жыхары вёскі Коўчыцы-1, а дзяўчына жыве ў суседняй Міхайлаўцы. Усе ўдзельнікі ДТЗ — вучні Красноўскай сярэдняй школы Светлагорскага раёна.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.