Пяць жыхароў Маладзечна і Ашмянаў пацярпелі ў аўтааварыі ў Іўеўскім раёне
Ашмянцы і маладзечанцы пацярпелі ў дарожна-транспартным здарэнні, якое адбылося раніцай 2 чэрвеня ў Іўеўскім раёне.
Двое сяброў на аўтамабілі “Рэно” вярталіся з Гродна з фестывалю нацыянальных культур, паведамляе прэс-служба дзяржаўтаінспекцыі Гродзенскай вобласці.
Паводле гэтага паведамлення, пасля адпачынку ў Гродне сябрам адмовілі ў начлегу ў інтэрнаце. Начаваць у машыне не хацелася, і ашмянцы вырашылі ехаць дамоў.
Мікрааўтобус “Мерседэс” ехаў з Маладзечна ў Гродна. Вадзіцель, яго бацькі і жонка везлі на фестываль дэкаратыўныя вырабы. Шляхі дзвюх машын перакрыжаваліся ў Іўеўскім раёне на 143 кіламетры аўтадарогі Мінск – Гродна.
Кіроўца “Мерседэса” ўбачыў “Рэно”, якое ехала насустрач, за 100 метраў. Легкавушка віляла справа налева. За 50 метраў “Рэно” раптам выехала насустрач мікрааўтобусу і яго развярнула ўпоперак дарогі.
Вадзіцель “Мерседэса” пачаў тармазіць, але не здолеў пазбегнуць сутыкнення. Паводле паведамлення Гродзенскай абласной дзяржаўтаінспекцыі, ад удару легкавушку выкінула на супрацьлеглую абочыну, развярнула ў супрацьлеглы бок і разарвала да такой ступені, што быццам бы яе разрэзалі на часткі.
Мікрааўтобус перасек сустрэчную паласу, скаціўся ў глыбокі кювет і ўткнуўся ў зямлю. Каб яго выцягнуць, прыйшлося выклікаць трактар.
Розныя траўмы атрымалі ўсе, хто знаходзіўся ў машынах. Найбольш цяжкія – у вадзіцеляў і трох пасажыраў мікрааўтобуса.
Вядома, што пасажыр “Рэно” адразу заснуў, як толькі машына выехала з Гродна. Можна меркаваць, што неўзабаве заснуў за рулём і вадзіцель легкавушкі. Гэта і стала прычынай аварыі.
Сяргей ЗЯНЬКО.