Пажар на птушніку
Шэсць пажарных разлікаў былі накіраваны вечарам 22 мая ў вёску Галаўнічы Гродзенскага раёна на ліквідацыю пажару ў будынку птушніка бройлернай фабрыкі СВК "Прагрэс-Верцялішкі".
У памяшканні было моцнае задымленне, гарэла саламяная падсцілка на плошчы 30 квадратных метраў. Байцы МНС разам з персаналам птушніка арганізавалі эвакуацыю птушкі і тушэнне пажару. Выратавана 25,5 тысячы куранят аднадзённага ўзросту, аднак 4,5 тысячы куранят задыхнуліся ў дыме, паведамляе прэс-служба Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС. Прычына пажару высвятляецца.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
А куды глядзеў пастух?Каля адзінаццаці гадзін ночы на 24 кіламетры перагона Шаркаўшчына — Варапаева пасажырскі цягнік Лынтупы — Друя — Віцебск збіў дзесяць цялят. Жывёлы, як высветлілася, належаць сельскагаспадарчаму вытворчаму кааператыву "Васюкі" Шаркаўшчынскага раёна. Затрымка ў руху цягніка была невялікай — усяго каля дзесяці хвілін. Аб гэтым паведамілі ў Полацкім аддзеле ўнутраных спраў на транспарце.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.