Грузі тратыл бочкамі
Больш за 84 кілаграмы тратылу канфіскавана супрацоўнікамі УКДБ па Гомельскай вобласці і УУС Гомельскага аблвыканкама. Тайнік "чорных капальнікаў" знаходзіўся ў лесе, непасрэдна ў зямлі.
Дзве бочкі з палімернага матэрыялу ёмістасцю па 50 літраў кожная былі запоўнены карычнявата-чырвоным рэчывам, якое сапёры ідэнтыфікавалі як тратыл. Неўзабаве быў устаноўлены і ўладальнік небяспечнага "скарбу", 34-гадовы грамадзянін. Паводле яго слоў, тратыл быў атрыманы шляхам разбору шасцідзесяці дзвюх мін перыяду Вялікай Айчыннай вайны, знойдзеных у лесе. Па адной з версій, тратыл прызначаўся для канкрэтнага заказчыка. У прэс-групе КДБ па Гомельскай вобласці паведамілі, што пры аглядзе месца жыхарства грамадзяніна праваахоўнікі канфіскавалі рэвальвер, порах, патроны, часткі зброі.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.