Тысяча ў кішэні не затрымалася

Источник материала:  
06.03.2012 — ЧП

1 сакавіка ўдзень у Магілёве затрыманы ўрач Магілёўскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансэра. Як паведамілі прадстаўнікі праваахоўных арганаў, ён атрымаў 1000 долараў хабару за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, што ўваходзілі ў яго кампетэнцыю. Перадача грошай праходзіла па-за межамі медыцынскай установы.

Алена Казлова.

У метро на рэйкі зноў упаў чалавек

Чарговы выпадак падзення чалавека на рэйкі зафіксаваны ў сталічным метрапалітэне. На гэты раз здарэнне мела месца на станцыі "Партызанская" другой лініі падземкі.

— З перона ўпала 24-гадовая жыхарка Мазыра. Адбылося гэта без чвэрці 17, — расказаў старшы інспектар Цэнтра даследаванняў у галіне бяспекі жыццядзейнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Алег Малевіч. — Праз дзве хвіліны работнікі метрапалітэна і пасажыры дасталі пацярпелую з пуцей на платформу. Спынення руху цягнікоў не было. Брыгада хуткай медыцынскай дапамогі даставіла дзяўчыну ў бальніцу. Папярэдні дыягназ: закрытая чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені. Як мяркуецца, прычына падзення — пагаршэнне самаадчування.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Калі за бацьку сорамна...

У Пружанскім раёне бацька ўдарыў сына-падлетка нажом. А сварка разгарэлася з-за таго, што сын не хацеў, каб яго настаўніца сустрэлася з бацькам.

У той дзень сям'ю планава наведвала класны кіраўнік, а галава сям'і быў нецвярозы. Вось сын і саромеўся, не выпускаў бацьку з кухні. Пасля таго, як настаўніца пайшла, старэйшы вырашыў паказаць малодшаму, хто ў хаце гаспадар. У ход пайшоў кухонны нож. Рана аказалася не цяжкай.

Яна СВЕТАВА.

Сутыкнуўся з дзвюма "Газелямі"

Дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам трох аўтамабіляў адбылося ранкам на аўтадарозе "Слуцк — Мікашэвічы" паблізу вёскі Лучнікі Слуцкага раёна.

Кіроўца аўтамабіля "Сеат-Альхамбра" не справіўся з кіраваннем і выехаў на паласу сустрэчнага руху. Тут адбылося сутыкненне з дзвюма "Газелямі", адна з якіх належала прадпрыемству "Граніт", другая — Слуцкаму раённаму спажывецкаму таварыству. У выніку аварыі загінула 35-гадовая пасажырка легкавіка, пацярпелі яшчэ пяць чалавек, уключаючы кіроўцаў абедзвюх "Газеляў" і "Сеата". Пацярпелых шпіталізавалі ў Слуцкую цэнтральную раённую бальніцу.

Пацярпеў ад паяльнай лямпы

36-гадовага мужчыну даставілі ў прыёмны пакой Бярэзінскай цэнтральнай раённай бальніцы з сур'ёзнымі тэрмічнымі апёкамі твару, абедзвюх кісцей рук, задняй паверхні сцягна і галёнкі (13 працэнтаў паверхні цела). Пацярпеў чалавек на ўласным жа падворку.

Як было ўстаноўлена, мужчына ўвечары вырашыў праверыць спраўнасць паяльнай лямпы, напампаваўшы ціск у яе бачку. А потым вясковец паднёс запалку да сапла... Заправачны корак сарвала і паліва з лямпы патрапіла на адзенне пацярпелага... Мужчына быў шпіталізаваны ў апёкавае аддзяленне ў цяжкім стане.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Семь пожаров, произошедших на Могилевщине в выходные, унесли три жизни

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика