Ратавалі з "палону" дзетак
За апошні час выратавальнікі некалькі разоў мусілі прыходзіць на дапамогу дзецям.
У сталіцы ўвечары ім давялося выязджаць ва ўстанову адукацыі "Мінскі дзяржаўны турысцка-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі". Тут выратавальнікі даставалі фалангу пальца шасцігадовага дзіцяці: яна захрасла ў адтуліне металічнай цацкі. На шчасце, абышлося без траўмаў. Чатырохгадовы хлопчык, гуляючы ўдзень у кватэры па вуліцы Глебкі з пісталетам-цацкай, таксама засунуў у яе палец. А дастаць не змог, і яго маці выклікала выратавальнікаў. Пры дапамозе слясарнага інструменту тыя вызвалілі з "палону" пальчык дзіцяці. Хлопчык у шпіталізацыі патрэбы не меў.
Трохі іншая сітуацыя здарылася ўдзень у двары жылога дома ў вёсцы Каробчыцы пад Гродна. Тут у аўтамабілі "Фальксваген Туарэг" падчас моцнага марозу (было мінус 20 градусаў) заблакіравала... дзверы. Паводле слоў маці, яна пасадзіла дзіця ў машыну, завяла рухавік і выйшла з легкавіка, каб забраць рэчы з дома. А калі вярнулася, зразумела, што ніводная з дзвярэй аўтамашыны не адчыняецца. Праз сем хвілін пасля выкліку выратавальнікі былі на месцы і адчынілі іх пры дапамозе падручных сродкаў.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Дахі не вытрымаліШыферны дах кароўніка КСУП "Чырвонабярэжскі" ў Жлобінскім раёне абваліўся пад цяжарам снегу на плошчы 360 кв.метраў. Будынак у вёсцы Радуша быў здадзены ў 1986 годзе.
На момант абвальвання там знаходзілася 220 кароў, але яны не пацярпелі, бо знаходзіліся ў іншай частцы памяшкання. Жывёл перавезлі на трактарах у суседнюю вёску Гарбачоўка.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Для каго арсенал?Супрацоўнікі міліцыі сумесна з памежнікамі каля в. Ямная (Столінскі раён) затрымалі грузавік "УАЗ -315195", якім кіраваў беспрацоўны з в. Востраў.
У аўтамабілі знаходзілася 9 драўляных скрыняў з 6 блокамі ўпраўлення агнём са спаранай устаноўкі для ўзбраення БМП-2, БТР, 6 комплексаў з чатырох камплектуючых і яшчэ розныя прыборы, прызначаныя для навігацыйнай сістэмы верталётаў "Мі-8" і "Мі-24". Кошт канфіскаванай апаратуры пацягнуў на 1 млрд рублёў.
Кіроўца заявіў, што незнаёмы мужчына папрасіў перавезці груз з в. Альманы, якая знаходзіцца сярод балота на мяжы з Украінай, у в. Белавуша (каля райцэнтра). Але ён не ведаў, што ў грузавіку.
Сымон Свістуновіч.
Вучэнню — святло!Больш за 300 жыхароў вёскі Струкачоў Кармянскага раёна засталіся без энергазабеспячэння і вады: адключыліся помпы кацельні пасля абрыву лініі электраперадач.
Струкачоўская сярэдняя школа, дзе вучацца 44 чалавекі, аказалася без святла. Да месца здарэння спецыялісты МНС накіравалі генератар, які быў падключаны да трансфарматарнай падстанцыі, каб забяспечыць сілкаванне помпы для артэзіянскай свідравіны, якая абслугоўвае населены пункт, на час правядзення аднаўленчых работ. Урэшце электразабеспячэнне было хутка адноўлена, і нават навучальны працэс не парушаны.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Калі парушаюцца правілыУ вёсцы Чубакова (Дубровенскі раён) у выніку пажару ў доме загінулі 52-гадовы гаспадар, інвалід другой групы, і яго цётка — 1922 года нараджэння.
Устаноўлена прычына пажару, які адбыўся а пятай гадзіне дня, — парушэнне правілаў эксплуатацыі печы. Як расказала выратавальнікам сваячка загінулых, у гэты дзень, незадоўга да трагедыі, яна была ў тым доме, аказвала дапамогу: прыносіла дровы і брыкет. Пры ёй гаспадаром былі затоплены дзве печы, у адну з якіх быў уманціраваны кацёл з так званай вадзяной "кашуляй". А пятай гадзіне дня гаспадар патэлефанаваў сваячцы на мабільны тэлефон і паведаміў пра выбух катла...
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Не выключыў духоўку...У выніку ўспышкі газапаветранай сумесі ў кухні кватэры пацярпеў унук гаспадара жылля.
Здарэнне мела месца бліжэй да сярэдзіны дня ў кватэры жылога дома па вуліцы Куляшова ў Мінску. Жыллё належыць 87-гадоваму пенсіянеру. Пацярпелы 34-гадовы ўнук — непрацуючы грамадзянін — быў шпіталізаваны ў бальніцу хуткай дапамогі з атручэннем прыродным газам. Мяркуецца, што пацярпеў мужчына па ўласнай неасцярожнасці: не выключыў гарэлку духоўкі газавай пліты. У кватэры ў выніку ўспышкі газапаветранай сумесі пашкоджана шкленне паміж ванным пакоем і кухняй.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Доўга не шукаліЖыхар з Пінска заявіў, што невядомы ўкраў у яго залаты пярсцёнак.
Здарыўся той крадзеж вечарам. Следчыя хутка высветлілі, што ў той вечар у гасцях у пацярпелага знаходзілася 20-гадовая дзяўчына. Яна і ўкрала пярсцёнак.
Сымон Свістуновіч.
Ахова супраць зладзеяўА 4 гадзіне ночы 1 лютага адразу 5 кватэр на вуліцы Сташкевіча ў горадзе Асіповічы перайшлі на аварыйную сістэму аховы.
Нарад групы затрымання тэрмінова прыбыў на месца здарэння: супрацоўнікі міліцыі звярнулі ўвагу на ўваход у падвал каля аднаго з пад'ездаў, дзе заўважылі святло ад ліхтарыка. У выніку затрыманы 39-гадовы мужчына, жыхар Мінскай вобласці, раней судзімы. У падвале супрацоўнікі аховы знайшлі скрадзеныя кавалкі тэлефоннага кабелю, агульны кошт якіх перавысіў 900 тысяч рублёў.
5 лютага ўдзень у горадзе Крычаве на тэрыторыі прадпрыемства "Камунальнік" 70 кілаграмаў чорнага металу спрабавалі скрасці мясцовыя жыхары 34 і 23 гадоў, якія нідзе не працуюць і былі раней судзімыя за крадзяжы. Іх затрымаў нарад міліцыі Крычаўскага аддзела дэпартамента аховы з дапамогай службовага сабакі па мянушцы Нэксія.
Ул. іфн.