За незаконную здабычу — адказнасць па законе
На тэрыторыі Касцюковіцкага лясгаса дзяржінспектары знайшлі шкуру, ногі і вантробы незаконна здабытага лася. А неўзабаве быў устаноўлены і вінаваты — 41-гадовы жыхар раёна.
Варта дадаць, што лось быў здабыты на ўчастку радыяцыйнага забруджвання, дзе паляваць нельга. Таму сума шкоды, якую браканьер нанёс навакольнаму асяроддзю, была памножана на тры і дасягнула амаль 10 мільёнаў рублёў.
А ў паляўнічых угоддзях Слонімскага лясгаса дзяржінспектары затрымалі двух грамадзян, знайшоўшы ў іх незарэгістраваную паляўнічую стрэльбу з перабітым заводскім нумарам, зараджаную патронамі з карцеччу, акумулятар і ліхтар. Паблізу знаходзіўся і матацыкл аднаго з "паляўнічых". Высветлілася, што яны незаконна здабылі дзвюх казуль, тушы якіх потым знайшлі побач з адной з вёсак. Шкода ад такога "палявання" склала 4,2 мільёна рублёў.
Сяргей РАСОЛЬКА.