Выратавалі зерне і абсталяванне
Літаральна днямі "Звязда" паведамляла пра пажар на льнозаводзе ў Пухавіцкім раёне. І вось — новае надзвычайнае здарэнне ў гэтым жа раёне.
На гэты раз адбыўся пажар на зернесушыльным комплексе, што належыць сельскагаспадарчаму філіялу "Светлая Ніва" ААТ "Мінскі маторны завод". Месціцца апошні ў вёсцы Энергія.
— Пра загаранне стала вядома ў 18.50, — распавёў падрабязнасці галоўны спецыяліст цэнтра прапаганды і навучання пры Мінскім абласным упраўленні МНС Аляксей Рак. — У выніку пажару агонь пашкодзіў два квадратныя метры абшыўкі з металапрофілю загрузачнай шахты і 200 кілаграмаў зерня кукурузы. Галоўнае, што пажарнымі было выратавана 11,8 тоны кукурузы. Непасрэдна перад загараннем зернесушылкі вялася яго сушка. Урон склаў трэць мільёна рублёў, а выратавана было — зерня і абсталявання — на суму 40 мільёнаў. Хутчэй за ўсё прычынай пажару стала парушэнне тэхналагічнага працэсу.
Пажар у папраўчай калонііПра гэта ў Рэчыцкі аддзел МНС бліжэй да паловы шостай раніцы паведаміў дзяжурны памочнік начальніка папраўчай установы № 24. Яна месціцца ў гарпасёлку Зарэчча Рэчыцкага раёна.
Праз восем хвілін пажарныя-выратавальнікі былі на месцы. Высветлілася, што адбылося загаранне кніжнага стэлажа ў бібліятэцы на першым паверсе трохпавярховага асобна размешчанага цаглянага будынка.
— У выніку пажару быў пашкоджаны толькі драўляны стэлаж і кнігі. Пацярпелых няма, эвакуацыя асуджаных не праводзілася. Было выратавана матэрыяльных каштоўнасцяў на суму 5 мільёнаў рублёў, — паведамілі рэдакцыі ў Цэнтры даследаванняў у галіне бяспекі жыццядзейнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Верагодна, прычынай пажару стала кароткае замыканне электрапрыёмніка.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Перапраўка мігрантаў спыненаСупрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Рэспублікі Беларусь спынілі дзейнасць міжнароднай злачыннай групы, члены якой займаліся перапраўкай у Еўрасаюз нелегальных мігрантаў.
Як паведаміў "Звяздзе" Андрэй Звераў, старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах 9-га ўпраўлення (па Віцебскай вобласці) Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, сярод членаў гэтай крымінальная групы былі як нашы землякі, так і жыхары Расіі, краін Балтыі, Афганістана.
Нядаўна супрацоўнікі гэтага ўпраўлення недалёка ад вёскі Відзы Браслаўскага раёна затрымалі некалькі членаў злачыннай групы: двух грамадзян Беларусі і аднаго з Расіі. На кожным з чатырох грамадзян Афганістана, якім паабяцалі "дастаўку" ў Еўрасаюз — у Літву, яны планавалі зарабіць па дзве тысячы долараў. Што тычыцца затрыманых афганцаў, іх прымусова дэпартавалі на радзіму.
Сёлета, дарэчы, на Віцебшчыне ўжо было затрымана пяць чалавек нелегальных мігрантаў з Афганістана, але тады не ўдалося ўстанавіць і затрымаць арганізатараў нелегальнай міграцыі. Была заведзена крымінальная справа і па факце затрымання чацвярых грамадзян Грузіі, якія спрабавалі праз тэрыторыю нашай краіны трапіць у Літоўскую Рэспубліку. Тады з імі былі затрыманыя і арганізатары "штурму мяжы" — грамадзяне Беларусі.
За арганізацыю незаконнай міграцыі Крымінальным кодэксам Беларусі прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.