Маладая сям'я з дзіцем загінула на пажары
Пра загаранне жылога дома ў вёсцы Яковічы маладзечанскім выратавальнікам паведамілі раніцай.
Шыферны дах ужо абрынуўся, дом знутры гарыць адкрытым полымем, побач агонь ахапіў аўтамабіль "Форд Гэлаксі" — такі малюнак убачылі на месцы падраздзяленні МНС. Са слоў суседзяў, да з'яўлення апошніх адбыўся выбух газавага балона. У доме магла знаходзіцца маладая сям'я з дзіцем ва ўзросце паўтара года. Яна пражывала тут каля двух тыдняў, а гаспадыня дома памерла дзесяць гадоў таму.
Пры тушэнні пажару ў яго ачагу знайшлі ўсіх траіх: спадчынніка гаспадыні жылля — грамадзяніна 1974 года нараджэння, яго сужыцельку 1990 года нараджэння, якая была ў водпуску па доглядзе дзіцяці, і сына загінулай 2010 года нараджэння... Мяркуецца, што прычынай трагедыі стала няправільная канструкцыя пячнога ацяплення: да прыезду маладой сям'і ў доме ніхто не пражываў, а печ, як высветлілася, патрабавала рамонту.
Сяргей РАСОЛЬКА.