Абарвалася страла маніпулятара
На аўтамагістралі Гомель—Кобрын кіроўца ПУП "Пінская аўтамабільная школа" рамантаваў аўтобус "Неаплан 216".
Падчас рамонту абарвалася страла маніпулятара а/м "Камаз", які належаў індывідуальнаму прадпрымальніку, у выніку чаго кіроўца аўтобуса, жыхар Пінска, загінуў.
Сымон Свістуновіч.
Тры трупы ў "Жыгулях"
На 34-м кіламетры аўтадарогі Віцебск—Лёзна—мяжа Расійскай Федэрацыі адбылася жудасная аварыя. Паводле звестак ДАІ, а сёмай гадзіне вечара 54-гадовы вадзіцель у дождж не справіўся з кіраваннем аўтамашынай "ВАЗ-2107" і выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з аўтамашынай "ДАФ" пад кіраваннем 56-гадовага грамадзяніна Польшчы.
У выніку дарожна-транспартнага здарэння вадзіцель аўто "Жыгулі" і два пасажыры, 1955-га і 1960-га гадоў нараджэння, памерлі на месцы здарэння. Усе трое — жыхары вёскі Крынкі Лёзненскага раёна.
Аляксандр Пукшанскі, Сяргей Расолька.
Падпольны "металіст"-мільянер
Аршанскім міжраённым аддзелам Упраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Віцебскай вобласці заведзена крымінальная справа ў адносінах да індывідуальнага прадпрымальніка з Оршы, які, не маючы спецыяльнай ліцэнзіі, ажыццяўляў нарыхтоўку лому і адходаў чорных і каляровых металаў.
Машыны гэтага прадпрымальніка былі затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Лом чорнага і каляровага чорнага металу агульным коштам больш як 54,4 мільёна рублёў канфіскавалі ў даход дзяржавы.
Адкуль мука?
У вёсцы Завольша Лёзненскага раёна супрацоўнікамі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Віцебскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце і абласной мытні была затрымана аўтамашына "Івека" пад кіраваннем жыхара вёскі Дворышча Расонскага раёна. Ён перавозіў 20 тон пшанічнай мукі без адпаведных дакументаў. Груз канфіскавалі.
Забіў і паехаў
У Полацку а палове першай гадзіны ночы вадзіцель 1984 года нараджэння, кіруючы аўтамашынай "Таёта", здзейсніў наезд на пешахода 1958 года нараджэння, які загінуў.
Вадзіцель з месца здарэння знік, але быў затрыманы падчас уведзенага ДАІ плана "Перахоп". Абодва: і вадзіцель, і яго ахвяра — непрацуючыя мясцовыя жыхары.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Зайшоў да суседкі...У Пінскім раёне ад рук забойцы загінула жанчына. Пад падазрэнне трапіў 19-гадовы сусед няшчаснай.
Вечарам ён зайшоў да яе на добрым падпітку, нібыта хацеў пераседзець час, каб не вяртацца дадому ў п'яным выглядзе. А 52-гадовая кабета папрасіла нязванага госця выбірацца... Яе знайшлі калегі, якія прыйшлі ў дом, бо жанчына другі дзень не выйшла на працу, а на званкі не адказвала. Экспертыза ўстанавіла, што смерць наступіла ад пабояў: зламыснік нанёс ёй тры ўдары каменем па галаве. Вядзецца следства.
Яна СВЕТАВА.