Жанчына трапіла ў калодзеж
Раніцай у вёсцы Надзвін Рэчыцкага раёна пенсіянерка трапіла ў калодзеж глыбінёй 5,5 метра. Пацярпелую да прыезду выратавальнікаў выцягнулі мясцовыя жыхары.
Як расказалі ў Цэнтры сацыялогіі і прапаганды бяспекі МНС, сусед жанчыны праходзіў побач, калі пачуў крык з калодзежа. Зазірнуў туды, убачыў, што пенсіянерка стаіць па шыю ў вадзе. Мужчына паклікаў на дапамогу дваіх аднавяскоўцаў, спусціўся ўніз па гаспадарчай вяроўцы, абвязаў ёй пацярпелую, і яны разам утраіх выцягнулі пенсіянерку з калодзежа. Пацярпелая была ў шокавым стане і прычыну свайго падзення патлумачыць не змагла. Як потым патлумачылі медыкі, жанчына была цвярозая. З дыягназам "агульнае пераахаладжэнне" яна знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні Рэчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Папілі гарбаты...Пры выбуху бытавога газу ў Светлагорску у сваім доме загінуў 81-гадовы мужчына. Яго 75-гадовую жонку ў гэты момант адкінула ўдарная хваля, і жанчына атрымала траўмы. Як расказалі ў прэс-службе ўпраўлення МНС па Гомельскай вобласці, пры распальванні газавай пліты пенсіянеры не заўважылі ўцечкі газу, што і прывяло да трагедыі. Агнём значна пашкоджаны дом з бярвення.
Ірына АСТАШКЕВІЧ, Сяргей РАСОЛЬКА.
Беларусы не адгукнуліся на заклікі апазіцыі прыйсці на "Народны сход"У Мінску на "Народны сход", які склікала апазіцыя, прыйшлі каля 200 чалавек, улічваючы журналістаў, перадае БЕЛТА.
Паназіраць за акцыяй прыйшлі супрацоўнікі як беларускіх масмедыя, так і журналісты з Германіі, Польшчы, уласныя карэспандэнты СМІ іншых краін. Калі не ўлічваць колькасць карэспандэнтаў, то колькасць удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі — каля 150 чалавек. Прыкладна палова прысутных проста стаяла пад парасонамі пад дажджом. Толькі невялікая група часам скандзіравала лозунгі.