На бальнічны ... за ўзнагароджанне
Крымінальная справа за выкарыстанне фіктыўных дакументаў заведзена ў дачыненні 44-гадовага слесара з Ліды, паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Устаноўлена, што "ліпавыя" лісткі непрацаздольнасці ён афармляў праз сваю знаёмую, якая мела выхад на ўрача мясцовага скурна-венералагічнага дыспансэра. Абедзвюма жанчынамі супрацоўнікі міліцыі зацікавіліся мінулай вясной, калі быў заведзены шэраг крымінальных спраў за пасрэдніцтва ў хабарніцтве і атрыманні хабару. Цяпер трэба адказваць па законе і тым, хто ішоў на бальнічны не па стане здароўя, а за ўзнагароджанне.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Узяў сякеру, пайшоў да суседа...Жыхар вёскі Плотніца Столінскага раёна неяк увечары пайшоў да адзінокага суседа. Сякеру ён прыхапіў з сабой, паклаўшы ў пластыкавы пакет. Гаспадар ляжаў на ложку, калі да яго завітаў "госць". Апошні без усялякіх слоў накінуўся і стаў наносіць удары ляжачаму. Але мужчына змог засланіцца рукамі, неяк выбрацца з ложка і выбегчы на вуліцу. Зараз ён знаходзіцца ў бальніцы з пераломам патылічнай косці, множнымі сечанымі ранамі.
А 53-гадовы агрэсар так і не мог растлумачыць міліцыянерам, чаму ён напаў на суседа. Нецвярозы быў. Але ж гэта не апраўданне.
Яна СВЕТАВА.
Пажар ад капіравальнага апарата
У 12.28 у Мінскае гарадское ўпраўленні МНС патэлефанавалі работнікі бухгалтэрыі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па матэрыялаводстве, што па вуліцы П. Броўкі. Паведамілі пра ўзгаранне ў памяшканні архіва бухгалтэрыі на другім паверсе пяціпавярховага будынка.
На месцы высветлілася, што ў кабінеце адбылося ўзгаранне капіравальнага апарата 1989 года выпуску. Адкрытага гарэння не было — быў дым слабай канцэнтрацыі. Спрацавала пажарная сігналізацыя. Пацярпелых не было. З памяшканняў другога паверха будынка работнікі МНС эвакуявалі 12 чалавек. Мяркуецца, што прычынай здарэння стала кароткае замыканне электраправодкі капіравальнага апарата.
Сяргей РАСОЛЬКА.