Не змагла ўтрымацца
52-гадовая жанчына ўкрала тэлефон у дзяўчынкі
— Я не змагла ўтрымацца, каб не ўкрасці, — растлумачыла аператыўнікам свае дзеянні 52-гадовая мінчанка, прадаўшчыца аднаго з рынкаў сталіцы, калі яе затрымалі за кражу мабільнага тэлефона.
Жанчына прывяла ўнучку ў танцавальны кружок і вырашыла пачакаць яе ў гардэробе. У гэты час у адной з шафаў зазваніў тэлефон. Жанчына дастала яго з заплечніка наведніцы гуртка і паклала ў сваю кішэню.
— Калі ў раздзявальню вярнуліся дзеці, адна з дзяўчынак спытала прысутных, ці не бачыў хто яе тэлефона. Клапатлівая бабуля нават прапанавала дзяўчынцы сваю дапамогу ў пошуках, аднак знайсці мабільнік так і не ўдалося, — паведамілі ў Партызанскім РУУС.
Дома жанчына дастала чужую сім-картку і некалькі месяцаў тэлефонам не карысталася. А калі ўставіла сваю сім-картку, ёй патэлефанавалі з міліцыі...
Алена АЎЧЫННІКАВА.
Зладзеі на "Волзе" далёка не з'ехалі18 жніўня а палове на 5-ую гадзіну ў Магілёве адзін з нарадаў груп затрымання аддзела Дэпартамента аховы Ленінскага раёна праводзіў адпрацоўку гаражнага кааператыву для прадухілення крадзяжоў.
Супрацоўнікі аховы заўважылі "Волгу", якая павольна рухалася да выезду. Аўтамабіль здаўся падазроным, і яго вырашылі спыніць. У салоне былі чацвёра маладых людзей, якія паводзілі сябе спакойна, але дакументаў на транспарт не прад'явілі, ды і ў багажніку знайшліся запчасткі і розныя рэчы. Як далей высветлілася, зладзеі праламалі дах у адным з гаражоў, каб скрасці аўтамабіль.
Алена Казлова.
Начны пажар з эвакуацыяйУ Ваўкавыску падчас начнога пажару былі эвакуіраваны 45 чалавек, з іх сем дзяцей.
Каля дзвюх гадзін ночы пра здарэнне па тэлефоне 101 паведаміў сусед: у кватэры на трэцім паверсе пяціпавярховага шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Зенітчыкаў было задымленне. У ёй пражывала дачка гаспадара, якая да прыбыцця падраздзяленняў МНС самастойна выйшла на вуліцу. А вось астатніх жыхароў давялося эвакуіраваць ужо выратавальнікам. Мяркуецца, што прычынай здарэння стала кароткае замыканне электраправодкі. Падчас пажару знішчана маёмасць у пакоі, пашкоджаная аддзелка.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Скралі 300 літраў паліваУ Аршанскім раёне ля вёскі Хадулы падчас правядзення аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў супрацоўнікі міліцыі затрымалі двух мужчын, якія скралі 300 літраў дызельнага паліва. У дачыненні да 29- і 28-гадовага беспрацоўных заведзены крымінальныя справы.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Доўга не шукаліНевядомы разбіў бакавое шкло ў аўтамабілі "Форд", які стаяў каля дома па вул. Наканечнікава ў Баранавічах, і ўкраў магнітолу ды два люстэркі задняга віду. Міліцыя прыехала са службовым сабакам, які ўзяў след і прывёў у кватэру, што знаходзілася ў гэтым жа доме. 17-гадовага злодзея пасадзілі ў ізалятар.
Сымон Свістуновіч.
Паралельна закупаў і металСупрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Аршанскага раённага аддзела ўнутраных спраў склалі адміністрацыйны пратакол у адносінах да 42-гадовага грамадзяніна, які, працуючы нарыхтоўшчыкам прадуктаў і сыравіны аддзела нарыхтовак РайПА, ажыццявіў закупку ў насельніцтва звыш 11 тон лому чорнага металу. Кошт "левага" лому — 22,4 мільёна рублёў. Высветлілася, што метал здавалі жыхары Талачынскага раёна. Адпаведныя ведамасці на закупку не афармляліся. Метал канфіскавалі.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Беспрацоўны "паляваў" на маёмасць офісных служачыхУ Мінску затрыманы 35-гадовы мужчына, які здзяйсняў крадзяжы з офісаў.
— Як правіла, мужчына заходзіў у будынкі з офіснымі памяшканнямі і адчыняў дзверы кабінетаў. Калі гаспадароў на месцы не аказвалася, ён карыстаўся момантам і краў сумкі з асабістымі рэчамі, — расказала прэс-афіцэр Савецкага РУУС Мінска Вольга Яскевіч.
Устаноўлена 8 падобных эпізодаў, але аператыўнікі мяркуюць, што гэта не канчатковая лічба.
Алена КРАВЕЦ.