Сутыкненні легкавікоў з грузавымі цягнікамі
Адразу два сутыкненні легкавікоў з цягнікамі адбылося з розніцай у некалькі гадзін.
Напачатку ў 21.27 відавочца патэлефанаваў па нумары "101": на чыгуначным пераездзе каля вёскі Кашалева Брэсцкага раёна грузавы састаў сутыкнуўся з легкавіком "Аўдзі-100". Апошнім кіраваў пенсіянер 1948 года нараджэння, прычым у машыне знаходзіўся толькі адзін кіроўца. Мужчына шпіталізаваны ў Брэсцкую абласную бальніцу ў стане сярэдняй ступені цяжкасці. Рэгулюемы пераезд не ахоўваўся, быў абсталяваны спраўнай светлавой і гукавой сігналізацыяй. Затрымкі ў руху склалі: дызель-цягніка № 6361 Лунінец — Брэст 20 хвілін, электрацягніка № 6312 Брэст — Мінск — 40 хвілін.
А ўжо ў 0.50 у Дзяржынскае падраздзяленне МНС тэлефанавала дзяжурная па чыгуначнай станцыі "Негарэлае". Тут на рэгулюемым пераездзе на перагоне "Коласава — Негарэлае" паблізу вёскі Клачкі сутыкнуліся грузавы цягнік, які перавозіў каменны вугаль, і легкавік "Рэно-Кліа". У апошнім было пяць чалавек, двое з якіх з траўмамі рознай ступені цяжкасці былі шпіталізаваны ў Дзяржынскую раённую бальніцу. Работнікі МНС таксама дасталі з-пад цягніка аўтамабіль. Па словах дыспетчара па Мінскім аддзяленні Беларускай чыгункі, затрымка ў руху цягнікоў на гэтым участку склала 1 гадзіну 15 хвілін.
Сяргей РАСОЛЬКА.