Налавілі ракаў на крымінальную справу
19.07.2011
—
ЧП
Апошнім часам усё часцей прыходзяць паведамленні пра браканьерскую здабычу ракаў. Большасць такіх выпадкаў фіксуецца на Віцебшчыне.
Вось і днямі супрацоўнікі Глыбоцкай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету сумесна з работнікамі Пастаўскага Таварыства паляўнічых і рыбаловаў затрымалі двух жыхароў вёскі Палессе Пастаўскага раёна. Як паведаміў начальнік Глыбоцкай міжрайінспекцыі Аляксей Протас, месцічы ў забаронены перыяд браканьерскай прыладай — брэднем — вялі здабычу ракаў на вадасховішчы Старое Палессе. Акрамя 77 асобін рака вузкапалага ў сетку браканьераў папаліся шчупакі і лінь. Урон, нанесены прыродным рэсурсам, перавысіў 4 млн рублёў. Заведзена крымінальная справа.
Ул. інф.