"Гувернантка" стала сэкс-рабыняй
Грамадзянін Літвы, які жыў у Віцебску, разам з дырэктарам літоўскага закрытага акцыянернага таварыства падманам уцягнулі ў сэкс-бізнэс жыхарку Віцебскага раёна, медыка, якая працавала ў пасялковым сацыяльным цэнтры. Жанчыне паабяцалі, што яна будзе працаваць гувернанткай у адной з краін Еўрасаюза, а насамрэч беларуска вымушана была аказваць інтымныя паслугі. У дачыненні да іншаземцаў заведзена крымінальная справа.
Як паведаміў "Звяздзе" Генадзь Дыско, пракурор Віцебскай вобласці, штогод колькасць зарэгістраваных злачынстваў у сферы гандлю людзьмі павялічваецца. У прыватнасці, на Віцебшчыне пазалетась была заведзена ўсяго адна крымінальная справа, летась — 12, а сёлета за паўгода — ужо каля дваццаці. Вельмі часта ўчыняюцца злачынствы, звязаныя з гандлем людзьмі, калі дзяўчат вывозяць у мэтах сэксуальнай эксплуатацыі ў Маскву і гэтак далей.
Нядаўна вопыт пракуратуры Віцебскай вобласці ў гэтым пытанні вывучалі супрацоўнікі пракуратуры памежнай Пскоўскай вобласці. Як расказаў "Звяздзе" пракурор Пскоўскай вобласці Цімур Кебекаў, там вопыт беларускіх калег па прафілактыцы гэтых злачынстваў і іх раскрыцці ўяўляе для расіян вялікі інтарэс. Падчас рабочай сустрэчы абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння і ў іншых пытаннях, у прыватнасці, па барацьбе з кантрабандай.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.