Рэдкі пісталет здаў мінчанін падчас акцыі "Арсенал"
Рэдкі нямецкі пісталет сярэдзіны мінулага стагоддзя добраахвотна здаў 87-гадовы мінчанін падчас акцыі МУС "Арсенал", паведаміў інспектар па дазваленчай сістэме Фрунзенскага РУУС Дзмітрый Чырко. Парабелум 1939 года выпуску яшчэ цалкам можна прымяняць па прызначэнні. "У сувязі з непатрэбнасцю" пенсіянер перадаў зброю ўчастковаму міліцыянеру. У баявым камплекце аказалася тры патроны да самога пісталета і 24 патроны ад нямецкага аўтамата, якія падыходзяць і для парабелума.
Паводле слоў мінчаніна, зброю яму падарылі ў 1946 годзе. У той час ён толькі пачынаў асвойвацца на пасадзе старшыні аднаго з райвыканкамаў Магілёўскай вобласці. Аднойчы да яго падышоў яго папярэднік, працягнуў нямецкі пісталет і сказаў: "Бяры! Часы цяпер неспакойныя!". У бліжэйшы час у ГУУС Мінгарвыканкама будзе створана спецыяльная камісія, якая і вырашыць лёс рарытэтнага экзэмпляра. Пісталет могуць або перадаць у музей, або адправіць на ўтылізацыю. Парабелум быў распрацаваны ў 1900 годзе. Гэта даволі складаны і дарагі ў вытворчасці пісталет, які вызначаўся высокай надзейнасцю і дакладнасцю стральбы. Незаконнае захоўванне зброі і боепрыпасаў пагражае ўладальніку пазбаўленнем волі да 12 гадоў. Добраахвотная здача зброі пазбаўляе яго ад крымінальнай адказнасці.
Марына КАСЦЮКЕВІЧ,
"Мінск—Навіны".