Рыбак злавіў... нябожчыка
Суботняя рыбалка для мінчаніна скончылася, не паспеўшы пачацца: каля васьмі гадзін раніцы ён на рацэ Свіслач па вуліцы Чыжэўскіх выцягнуў з вады цела чалавека.
Як паведаміў карэспандэнту нашай газеты старшы памочнік пракурора Мінска Сяргей Балашаў, рыбак толькі закінуў вуду, як блясна за нешта зачапілася. Калі пацягнуў, над паверхняй вады паказалася куртка, а затым усплыло і цела нябожчыка. Загінуламу мужчыну на выгляд 50-60 гадоў. Пакуль невядома, што стала прычынай яго смерці. Праверку па гэтым факце праводзіць пракуратура Ленінскага раёна.
Выбухованебяспечная калекцыяУ Мінску ў кватэры пенсіянера знойдзена каля 200 адзінак розных відаў боепрыпасаў і частак да іх
Небяспечныя "цацкі" знайшла дачка гаспадара кватэры, які месяц таму памёр: паводле звестак прэс-афіцэра Партызанскага РУУС Ганны Чыж-Літаш, жанчына прыбіралася ў жыллі і выявіла боепрыпасы. У прыватнасці, праваахоўнікамі з кватэры былі канфіскаваныя 3 узрывальнікі да артылерыйскіх снарадаў, 3 баявыя часткі да зенітных снарадаў, снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны, патроны да газавай і паляўнічай зброі, 2 кулямётныя стужкі, гадзіннікавы механізм да ўзрывальніка і шмат іншага. Між іншым, сярод гэтага "багацця" знаходзілася таксама і 6 прадметаў, якія ўтрымлівалі выбуховыя рэчывы, прычым усе боепрыпасы былі моцна пашкоджаныя карозіяй і ўяўлялі павышаную небяспеку для жыльцоў дома. Уся выбухованебяспечная калекцыя была вывезена на палігон і знішчана.
Ігар ГРЫШЫН.
Падложныя адпускныя на 18 мільёнаў рублёўСупрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Полацкага раённага аддзела ўнутраных спраў выявілі "камбінацыю" вядучага бухгалтара прадпрыемства, што займаецца перапрацоўкай.
Вядучы бухгалтар, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, пералічыла па падложным плацежным даручэнні на карт - рахунак аднаго з работнікаў прадпрыемства 18 мільёнаў рублёў, указаўшы няправільныя звесткі ў назначэнні плацяжу — адпускныя. Пасля гэтага зняла грошы і патраціла.
Заведзена крымінальная справа. "Прадпрымальную" бухгалтарку знялі з пасады.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.